«Мы па-ранейшаму адзіныя ў сваёй рашучасьці разьбіць расейскую ваенную машыну», — напісаў ён у Твітэры.
У санкцыйны сьпіс унесьлі 121 фізычную і юрыдычную асобу, а таксама значныя новыя абмежаваньні на імпарт/экспарт, забарону расейскіх прапагандысцкіх СМІ.
«У рамках нашых сьпісаў мы нацэленыя на тых, хто нясе адказнасьць за дэпартацыю і прымусовае ўсынаўленьне сама меней 6 тысяч украінскіх дзяцей. Гэта відавочнае парушэньне міжнароднага права, уключаючы Жэнэўскую канвэнцыю, пра што я казаў учора ў Радзе Бясьпекі ААН», — дадаў Жузэп Бурэль.
Мяркуючы па тэксьце заявы Эўразьвязу, у новы пакет увайшлі:
- санкцыі супраць 96 арганізацый, абмежаваньні закранулі ў тым ліку 7 іранскіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць бесьпілётнікі, якія Расея выкарыстоўвала ў вайне супраць Украіны;
- забарона трансьляцыі і распаўсюджваньня RT Arabic і Sputnik Arabic, якія кантралююцца Расеяй і «выкарыстоўваюцца ў мэтах падрыву падтрымкі Ўкраіны»;
- дадатковыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расею электронікі, спэцыялізаваных транспартных сродкаў, дэталяў машын, запчастак для грузавых аўтамабіляў і рэактыўных рухавікоў, а таксама будаўнічых тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца расейскім войскам;
- забарона на транзыт праз Расею экспартуемых з ЭЗ тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, каб пазьбегнуць абыходу санкцый;
- абмежаваньні на пастаўкі новых электронных кампанэнтаў, якія выкарыстоўваюцца ў расейскіх сыстэмах узбраеньняў, здабытых на полі бою (бесьпілётнікі, ракеты, вэрталёты, спэцыфічныя рэдказямельныя мэталы, электронныя інтэгральныя схемы і цеплавізары);
- забарона для расейцаў займаць пасады ў кіроўных органах крытычна важных інфраструктур і арганізацый Эўразьвязу;
- дадатковыя абмежаваньні на імпарт тавараў, якія прыносяць значны даход Расеі, такіх як бітум і сынтэтычны каўчук.
Таксама ў сьпісе апынуліся тры расейскія банкі, але іх назвы ня ўказваюцца. Раней Bloomberg паведамляў, што гаворка можа ісьці пра «Альфа-Банк», «Тинькофф-банк» і «Росбанк».
Санкцыі былі ўзгодненыя ва ўгодкі ўварваньня Масквы ва Ўкраіну 24 лютага. Паведамлялася, што дасягнутыя палітычныя дамоўленасьці ў пытаньні імпарту алмазаў з Расейскай Фэдэрацыі — рашэньне прымалася ўзгоднена з партнэрамі па G7. Краіны таксама вызначыліся наконт «далейшых крокаў у дачыненьні да ядзернага сэктара» Расеі.
27 лютага на патрабаваньне Польшчы Эўразьвяз пачне працу над новымі санкцыямі ў дачыненьні да Беларусі.