Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты пагражаюць былому палітвязьню забраць кватэру


Віталь Жук
Віталь Жук

Віталь Жук, шматдзетны тата, адбыў тэрмін у бабруйскай калёніі за «абразу Лукашэнкі» і разам з жонкай і дзецьмі зьехаў за мяжу. 23 лютага ён атрымаў паведамленьне ад мясцовага міліцыянта, што іх кватэру і маёмасьць забірае дзяржава.

Віталь Жук, ягоная жонка Маргарыта Касабуцкая і чацьвёра дзяцей жылі ў Кобрыні.

«Год таму, 23 лютага, калі я быў у калёніі, да жонкі прыйшла міліцыя. Яны падкінулі ў дзіцячыя цацкі бел-чырвона-белы сьцяг і абвінавацілі Маргарыту ў „экстрэмізьме“. Два дні таму, 23 лютага, я вырашыў „павіншаваць“ опэра з крымінальнага вышуку Аляксандра Казлова з гераічным учынкам. Бо яны, „абаронцы“, уварваліся да шматдзетнай маці і зладзілі ператрус з правакацыяй», — расказаў Віталь.

Ён напісаў міліцыянту ў viber. У адказ той (па словах Віталя, гэта супрацоўнік міліцыі Аляксандар Казлоў. — РС) напісаў: «Дарэчы, вашу кватэру і ўсю маёмасьць забірае дзяржава. Тое, што яна вам дала, тое і забярэ».

«Яшчэ калі мяне затрымлівалі кобрынскія міліцыянты, то яны крычалі: „Ды табе дзяржава ўсё дала, а ты грызеш руку, якая цябе корміць!“. Цяпер, відаць, перайшлі ад пагроз да дзеяньняў», — лічыць былы вязень.

Паводле словаў Віталя, кватэру яны атрымалі як жытло для шматдзетных і не прыватызавалі яе. «Я ў сьпісе „экстрэмістаў“ з 2022 году. Лукашэнка ж казаў, а можа і выдаў нейкі загад, што ў экстрэмістаў будуць забіраць маёмасьць. Таму не зьдзіўлюся, што так і будзе. Нават без афіцыйных дакумэнтаў, проста на негалосны загад. Гэта проста помста. Яшчэ гэта прыклад, як дзейнічае дзяржава», — дадаў былы палітзьняволены.

У кобрынскай кватэры прапісаныя ягоныя малыя дзеці, малодшай дачцэ — тры гады.

«Але наўрад ці гэта некага спыніць», — лічыць Віталь.

Таксама яму стала вядома, што Кобрынскі РАУС даслаў запыты ў чатыры беларускія банкі з патрабаваньнем падаць інфармацыю, якія рахункі маюць там Віталь Жук і Маргарыта Касабуцкая, «асобы, датычныя да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG