Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказала Ціханоўская падчас выступу ў Вене, які не захацелі слухаць прадстаўнікі Лукашэнкі


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад Пастаянным камітэтам АБСЭ, у які ўваходзяць усе кіраўнікі ўсіх дэлегацый. Пасьля пачатку яе прамовы залю пакінулі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных і «сэнатар» Сяргей Рачкоў.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі заявіла, што «Беларусь і Ўкраіна змагаюцца з адным злом».

«Мы змагаемся з тыраніяй і імпэрскай агрэсіяй Крамля. Яны не разглядаюць Беларусь і Ўкраіну як незалежныя дзяржавы. Яны хочуць заняволіць і наш народ. Але гэта не атрымаецца. Перамога Ўкраіны дапаможа нашай барацьбе, але і наадварот. Найлепшай дапамогай для Ўкраіны будуць дэмакратычныя зьмены ў Беларусі. А вольная Беларусь будзе самай моцнай абаронай ад Пуціна...», — сказала Ціханоўская.

Яна нагадала, што з 2020 году было рэпрэсавана больш за 60 тысяч беларусаў, а штодня затрымліваюць у сярэднім 17 чалавек.

«Толькі летась больш за 5 тысяч трапілі за краты з палітычных матываў. Сёньня 1500 чалавек прызнаныя палітвязьнямі. Яны зазнаюць фізычны гвалт і псыхалягічныя катаваньні...» — заявіла Ціханоўская.

Палітык папрасіла арганізаваць на летняй сэсіі дыскусію па беларускім парадку дня і запрасіць на яе прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

«Я заклікаю АБСЭ адлучыць лукашэнкаўскіх дэпутатаў ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах... Мала таго, што яны ня маюць мандата, дык яшчэ і злачынцы, якія здрадзілі нашаму народу. Што гэтыя людзі яшчэ робяць у міжнародных арганізацыях?»

Паведамляецца, што прадстаўнікі Азэрбайджану і Расеі выйшлі з залі, калі Сьвятлана Ціханоўская пачала свой выступ.

У Вене на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прыбылі дзьве беларускія дэлегацыі. Праўладную ўзначальвае Андрэй Савіных. На чале дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі — Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG