Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«У Польшчу не выпускаюць, ва Ўкраіне не даюць абароны». Як жыве беларус, пашпарт якога зьнішчыла расейская ракета

«У Польшчу не выпускаюць, ва Ўкраіне не даюць абароны». Як жыве беларус, пашпарт якога зьнішчыла расейская ракета


Алег Осіпаў
Алег Осіпаў

Беларус Алег Осіпаў перабраўся ва Ўкраіну ў 2020 годзе, бо ў Беларусі на яго завялі крымінальныя справы за пратэсты.

Што здарылася з Алегам Осіпавым ва Ўкраіне

Да 2020 году Алег Осіпаў жыў у Менску. За пратэсты «атрымаў» некалькі крымінальных спраў. У канцы 2020 году пераехаў ва Ўкраіну. Падаўся там на дадатковую абарону як палітычны ўцякач. Працэс наданьня такога статусу цягнецца амаль два гады. Але ні адмоўнага, ні станоўчага рашэньня беларус так і не атрымаў.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ён заставаўся ў Харкаве. Быў валянтэрам у дабрачынным фондзе. Алег кажа, што стаміўся за месяцы вайны, ня меўшы ніякай легалізацыі. Таму вырашыў паехаць у Польшчу. На мяжы яго не выпусьцілі ўкраінскія памежнікі, бо беларус ня меў пашпарта, толькі пасьведчаньне асобы (дакумэнт, які далі замест пашпарта ў міграцыйнай службе. — РС).

Алег Осіпаў у дзіцячым госьпісе ў Харкаве
Алег Осіпаў у дзіцячым госьпісе ў Харкаве

Осіпаў мусіў вярнуцца ў Харкаў, дзе атрымаў афіцыйную паперу, што ў яго няма ўвогуле пашпарта. Дакумэнт знаходзіўся ў будынку СБУ ў Харкаве, туды трапіла расейская ракета і зьнішчыла яго.

«Зь мяне яшчэ як зь беларуса максымальна пазьдзекаваліся», — сказаў у камэнтары Свабодзе ў кастрычніку Алег.

«Мяне футболілі з інстанцыі ў інстанцыю, у выніку застаўся ні з чым»

«У выніку я „завіс“ у Львове. Жыў у беларусаў, спрабаваў вырашаць свае пытаньні рознымі шляхамі. Патрэбен быў дакумэнт, які дазволіць перайсьці мяжу. Пісаў у СБУ, яны накіроўвалі да памежнікаў. Памежнікі адпраўлялі ў міграцыйную службу. Тая — у СБУ. Кола замкнулася», — расказвае пра свае праблемы Осіпаў.

Праз розныя сувязі і дапамогу беларусаў і ўкраінскіх праваабаронцаў Алег дабраўся аж да кіраўніцтва ўкраінскага Памежнага камітэту.

«Там сказалі, што могуць мяне выпусьціць, калі будзе прашэньне за мяне ад Офісу Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН. Але мае розныя аддзяленьні. Я „замацаваны“ за харкаўскім. З львоўскага аддзяленьня адказу я не атрымаў, з кіеўскага атрымаў такі, што яны ня могуць вырашаць пытаньні па-за межамі сваёй вобласьці», — патлумачыў беларус.

У сьнежні 2022 ён мусіў вярнуцца ў Харкаў, каб вырашаць пытаньні з дакумэнтамі. Бо і даведка, якая замяняла пасьведчаньне асобы, дзейнічала да 23 сьнежня. Працягнуць яе можна было толькі ў Харкаве.

«Ад іх словаў у мяне мозг разьбіўся на тысячу аскепкаў!»

Осіпаў вярнуўся ў Харкаў, пайшоў у міграцыйную службу. Перад спробай выезду ў Польшчу ён ужо быў у міграцыйнай службе ў Харкаве, прынёс туды заяву на адмову ад працэдуры афармленьня ўцякацтва.

«Мне сказалі тады, што „мы вашай заявы не прымаем, бо пашпарта няма, вярнуць вам на рукі няма чаго“. Ну і ўсё. Цяпер жа мне заявілі, што мая справа закрытая, бо яны, аказваецца, прынялі маю заяву! Мне пра гэта ніхто і ніякім чынам не паведаміў. Я быў упэўнены, што тую заяву яны проста выкінулі. Я быў у шоку. Мой мозг разьбіўся на тысячу аскепкаў, я спрабаваў яго сабраць», — кажа беларус.

Ліст ад міграцыйнай службы ў Харкаве
Ліст ад міграцыйнай службы ў Харкаве

Осіпаў дадае, што тую заяву пісаў толькі для таго, каб атрымаць на рукі пашпарт для выезду за мяжу.

«Я міграцыйнай службе сказаў: „Ды вы што, падманулі мяне тады? Вы ж сказалі, што не прымаеце заявы“. Яны нічога ня сталі слухаць. Як мне, нелегалу, жыць у краіне падчас вайны? Што мне рабіць, калі мяне спыняць ці вайскоўцы, ці паліцыя? У мяне адно жаданьне — быць легальным чалавекам падчас вайны», — зазначыў Алег.

Ён напісаў новую заяву на тое, каб яму далі статус уцекача. З Кіева, з галоўнага офісу міграцыйнай службы, Алег атрымаў адказ, што яны «не знайшлі прычын мне адмовіць» у прыёме папер на дадатковую абарону. З харкаўскай міграцыйнай службы атрымаў адказ, што «мы заяву ня прымем».

«Яны спаслаліся, што „тут вайна і таму як яны могуць мне даць абарону“. Маўляў, зьвяртайцеся ў іншую краіну па абарону. Але як я магу выехаць у іншую краіну?» — зьдзіўляецца Алег.

«Цяпер чакаюцца масавыя абстрэлы, хоць бы жывым застацца»

Цяпер Алег з дапамогай адваката ад Офісу Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН спрабуе абскардзіць рашэньне міграцыйнай службы ў судзе. Пакуль жа ён, як і раней, працуе валянтэрам. На гэты раз у дзіцячым госьпісе. Апроч гэтага, валянтэрыць як адміністратар дабрачыннага фонду: шукае донараў, піша лісты ў розныя арганізацыі, каардынуе працу.

«23-24 лютага Харкаў, як і многія гарады Ўкраіны, чакае масавых абстрэлаў з боку Расеі. Я назапасіў вады, харчоў, прадумаў шлях у бамбасховішча. Тут бы гэтымі днямі жывым застацца. Але мяне ня зломіш пасьля ўсяго таго, што я ўжо перажыў. Харкаў — жалезабэтон. Ну і я таксама», — дадаў Алег.

Свабода зьвярнулася з запытам аб сытуацыі Алега Осіпава ў Галоўнае ўпраўленьне Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны. Мы апублікуем адказ, як толькі атрымаем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG