Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне абмяркоўваюць пастаўкі зьнішчальнікаў Кіеву, — намесьніца дзяржсакратара ЗША Нуланд


Вікторыя Нуланд
Вікторыя Нуланд

У Вашынгтоне абмяркоўваюць магчымасьць перадачы Ўкраіне зьнішчальнікаў чацьвёртага ці пятага пакаленьняў.

Пра гэта ў інтэрвію The Washington Post расказала намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд. Дыпляматка ўдакладніла, што рашэньне аб пастаўках будзе прынятае пасьля ацэнкі патрэбаў Кіева. Украіна раней заклікала краіны Захаду да паставак баявых самалётаў.

Акрамя таго, Нуланд паведаміла, што Вашынгтон хацеў бы аднавіць двухбаковыя інспэкцыі ў рамках Дамовы аб стратэгічных наступальных узбраеньнях (СНУ). Раней Масква прыпыніла ў іх удзел. Крэмль патлумачыў сваё рашэньне датычнасьцю Захаду да ўдараў ЗСУ па базах расейскай стратэгічнай авіяцыі. На думку Нуланд, словы Пуціна аб прыпыненьні ўдзелу ў дамове аб СНУ былі разьлічаныя на расейскую ўнутраную аўдыторыю.

Нуланд таксама пракамэнтавала сустрэчу кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту Энтані Блінкена з кіраўніком замежнапалітычнай камісіі камуністычнай партыі Кітаю Ван І на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы на мінулым тыдні. Там Блінкен выказаў асьцярогі, што Кітай можа пастаўляць Расеі зброю для выкарыстаньня ў вайне з Украінай.

Нуланд нагадала пра заяву Пэкіну аб нэўтралітэце ў канфлікце і прапанове пасярэдніцтва ў перамовах паміж Масквой і Кіевам. Разам з тым, паводле дыпляматкі, калі пастаўкі зброі Расеі пацьвердзяцца, то Вашынгтон будзе гатовы ўвесьці новыя санкцыі супраць кітайскіх кампаніяў у дадатак да цяперашніх.

Разам з тым прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Гішпаніі Пэдра Санчэсам у Кіеве паведаміў, што ўкраінскія ўлады накіравалі Пэкіну запыт аб сустрэчы.

Зяленскі расказаў, што ён яшчэ ня бачыў мірнага пляну стасоўна Ўкраіны, пра які днямі паведаміў Ван І, але ведае пра яго. «У цэлым тое, што Кітай пачаў казаць аб Украіне, вельмі нядрэнна», — падкрэсьліў Зяленскі, удакладніўшы, што ацэньваць дакумэнт яшчэ вельмі рана.

Паводле шэрагу паведамленьняў, кітайскі мірны плян прэзэнтуе 24 лютага старшыня КНР Сі Цзіньпін. Ван І днямі правёў перамовы ў Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG