У горадзе Арлянда ў амэрыканскім штаце Флярыда журналіст мясцовай тэлевізіі атрымаў сьмяротнае раненьне падчас рэпартажу зь месца іншага забойства, якое здарылася за некалькі гадзін. Разам зь ім загінула дзевяцігадовая дзяўчынка, піша BBC.
На прэсавай канфэрэнцыі шэрыф акругі Орындж Джон Міна сказаў, што напад на журналістаў адбыўся прыкладна ў чатыры гадзіны дня паводле мясцовага часу. Забойцы знаходзіліся ў сваім аўтамабілі ці побач зь ім.
Па словах шэрыфа, журналісты вялі рэпартаж аб забойстве, якое здарылася каля 11 гадзін раніцы, у выніку якога 20-гадовая дзяўчына атрымала сьмяротныя раненьні. У гэты момант падазраваны — 19-гадовы Кіт Мазэс — вярнуўся на месца здарэньня і адкрыў па іх агонь. Пасьля гэтага Мазэс зайшоў у суседні дом і адкрыў страляніну па маці з дачкой. Дзяўчынка загінула, маці знаходзіцца ў шпіталі ў крытычным стане.
Шэрыф Міна расказаў журналістам, што затрыманы Мазэс неаднаразова сутыкаўся з праваахоўнымі органамі — яго абвінавачвалі ў незаконным захоўваньні зброі, нанясеньні пабояў пры абцяжлівых абставінах, узброеным нападзе і крадзяжах з узломам.
Па словах шэрыфа, Мазэс быў знаёмы з застрэленай раніцай дзяўчынай, але ніяк ня быў зьвязаны зь іншымі ахвярамі стральбы. Паліцыянты пакуль ня ведаюць, чаму Мазэс страляў у журналістаў — магчыма, сказаў шэрыф, ён прыняў іх за паліцыянтаў.