Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі на перадвыбарным мітынгу застрэлілі экс-прэм’ера Сіндзо Абэ. ВІДЭА

абноўлена

Першая мэдычная дапамога Сіндзо Абэ пасьля замаху
Першая мэдычная дапамога Сіндзо Абэ пасьля замаху

У колішняга прэм’ер-міністра, які пакінуў сваю пасаду ў 2020-м праз праблемы са здароўем, стралялі на перадвыбарнай імпрэзе. Пасьля нападу лекары канстатавалі, што ён «ня меў прыкмет жыцьця». Празь некалькі гадзін у шпіталі канстатавалі ягоную сьмерць.

Колішняга прэм’ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ застрэлілі падчас перадвыбарнага мітынгу ў рэгіёне Нара, паведаміў RFI са спасылкай на мясцовыя СМІ. Нацыянальная японская тэлекампанія NHK са спасылкай на крыніцы ў паліцыі паведаміла, што паліцыя арыштавала мужчыну 40 гадоў за замах на забойства, у яго канфіскавалі пісталет.

Каля 11-й гадзіны NHK паведаміла, што Абэ памёр у шпіталі.

Былы лідэр Японіі выступаў з прамовай на мітынгу напярэдадні нядзельных выбараў у верхнюю палату парлямэнту, затым пачуліся гукі стрэлаў.

«Ён выступаў з прамовай, і ззаду падышоў мужчына. Першы стрэл прагучаў як цацачны, ён ня ўпаў. Другі стрэл быў больш прыкметным, можна было ўбачыць іскру і дым. Пасьля другога стрэлу людзі атачылі Абэ і зрабілі яму масаж сэрца», — сказала NHK сьведка на месцы здарэньня.

Крыніца з кіроўнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі, да якой належаў Абэ, паведаміла, што 67-гадовы Абэ ўпаў і ў яго быў крывацёк з шыі.

Паветраная здымка месца, дзе стралялі ў Сіндзо Абэ
Паветраная здымка месца, дзе стралялі ў Сіндзо Абэ

Пасьля замаху Абэ даставілі ў шпіталь, дзе ў яго спынілася сардэчна-дыхальная сыстэма — тэрмін, які выкарыстоўваецца ў Японіі і паказвае на адсутнасьць прыкмет жыцьця, звычайна ён папярэднічае афіцыйнай канстатацыі сьмерці.

Некалькі сродкаў масавай інфармацыі пішуць, што, падобна, у былога прэм’ера стрэлілі ззаду, магчыма, з шротавай стрэльбы. Урад заявіў, што ў сувязі з інцыдэнтам створана апэратыўная група.

Абэ на пасадзе прэм’ер-міністра Японіі адзначыўся самым доўгім тэрмінам службы, ён займаў пасаду ў 2006-2007 гг. і зноў узначаліў урад у 2012-м, быў на пасадзе да 2020 году, калі быў вымушаны пайсьці ў адстаўку з прычыны язвавага каліту. На пасадзе прэм’ера Абэ адзначыўся «Абэномікай» — распрацаванай ім схемай адраджэньня эканомікі Японіі. Яму ўдалося правесьці шэраг пасьпяховых рэформаў, аднак многія структурныя праблемы засталіся, эканоміка зазнала рэцэсіі яшчэ да пандэміі каранавірусу.

Абэ вёў жорсткую лінію ў дачыненьні Паўночнай Карэі, супрацоўнічаў з тагачасным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, імкнуўся наладзіць стасункі з Расеяй і Кітаем. Таксама прытрымліваўся жорсткай лініі ў адносінах Паўднёвай Карэі ў сувязі зь нявырашанымі спрэчкамі ваеннага часу і працягваў будаваць пляны па пераглядзе пацыфісцкай канстытуцыі Японіі.

У Японіі дзейнічаюць адны з самых жорсткіх у сьвеце законаў аб кантролі над агнястрэльнай зброяй, і штогод колькасьць сьмерцяў ад яе ў краіне з насельніцтвам у 125 мільёнаў чалавек — лічаныя выпадкі. Атрыманьне ліцэнзіі на зброю — доўгі і складаны працэс нават для японскіх грамадзян, якія мусяць спачатку атрымаць рэкамэндацыю ад стралковай асацыяцыі, а потым прайсьці строгі паліцэйскі кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG