У электроннай бібліятэцы ААН зарэгістраваныя два дакумэнты з папраўкамі праекту рэзалюцыі, якія прадставіў афіцыйны Менск.
У адным зь іх Беларусь прапануе выключыць з прэамбулы словы «праз год пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну». Фармулёўку «...агрэсіі РФ супраць Украіны, у тым ліку працягваюцца напады на абʼекты крытычна важнай інфраструктуры па ўсёй тэрыторыі Ўраіны..» прапануецца спрасьціць да фразы «...ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне».
Акрамя таго, Менск прапанаваў выключыць з пастаноўчай часткі патрабаваньне, каб «Расейская Фэдэрацыя неадкладна, цалкам і безумоўна вывела ўсе свае ўзброеныя сілы з тэрыторыі Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах».
Разам з тым гэтую частку прапануецца дапоўніць асуджэньнем заяў, зробленых «некаторымі лідэрамі Нармандзкай кантактнай групы ў дачыненьні да сапраўдных намераў, якімі яны кіраваліся пры распрацоўцы Комплексу мер па выкананьні Менскіх пагадненьняў, — намераў, якія не адпавядаюць мэтам мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны».
У іншым дакумэнце Беларусь прапануе ў прэамбуле «з заклапочанасьцю» адзначыць «працяглыя трэцімі бакамі пастаўкі зброі ў зону канфлікту, што падрывае пэрспэктывы дасягненьня ўстойлівага міру», а ў пастаноўчую частку — заклік да «пачатку мірных перамоваў».
Рэзалюцыю, на думку афіцыйнага Менска, таксама варта дапоўніць заклікам «улічваць карэнныя прычыны канфлікту ва Ўкраіне і вакол яе, уключна з законнымі асьцярогамі дзяржаў-членаў наконт бясьпекі», а таксама «ўстрымлівацца ад адпраўкі зброі ў зону канфлікту».
Пастаянны прадстаўнік Беларусі Валянцін Рыбакоў на паседжаньні Савета Бясьпекі ААН 17 лютага даў зразумець, што краіна не падтрымае згаданай рэзалюцыі, калі ў ёй захаваецца асуджэньне Расеі за ўварваньне ва Ўкраіну. Ён нагадаў пра падпісанае 12 лютага 2015 года ў Менску пагадненьне аб урэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Украіны, абвінаваціў Кіеў і шэраг эўрапейскіх дзяржаў у імітацыі яго выкананьня і заклікаў прыцягнуць іх да адказнасьці.
«А я вам адразу зараз, за тыдзень да гэтага мерапрыемства, заяўляю, што Рэспубліка Беларусь ня будзе выступаць на гэтым шоў. Але мы прагаласуем супраць праекту рэзалюцыі, калі ў яго ня будуць за астатні час унесеныя адпаведныя зьмены, у тым ліку і параграф з самым рашучым асуджэньнем дзеяньняў згаданых мной пэрсанажаў (адказных за зрыў выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў. — BPN)», — заявіў Рыбакоў.
- Беларусь традыцыйна галасуе супраць рэзалюцый Генасамблеі ААН, зьвязаных з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, анэксаваньнем ёю чужых тэрыторый ды інш. Падобныя дакумэнты, як правіла, таксама не падтрымліваюць Іран, Кітай, Куба, Паўночная Карэя, Эрытрэя і шэраг іншых дзяржаў.
- Улады ў Менску пастаянна адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Летась у ліпені Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.