Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінтранс Беларусі паскардзіўся ў ААН, што ЭЗ адмаўляецца прадаваць чыпы для аўтамабільных тахографаў


Чарга аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы. Архіўнае фота
Чарга аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы. Архіўнае фота

Краіны Эўразьвязу адмаўляюцца пастаўляць у Беларусь чыпы для картак лічбавых тахографаў, што можа прывесьці «да разбурэньня дзейнай сыстэмы кантролю працы і адпачынку кіроўцаў».

Пра гэта заявіў намесьнік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Дубіна 22 лютага на 85-й сэсіі Камітэту па ўнутраным транспарце Эўрапейскай эканамічнай камісіі (ЭАК) ААН у Жэнэве.

«Трэба зрабіць захады дзеля забесьпячэньня бесьперабойнай пастаўкі ўсім без выключэньня бакам Эўрапейскага пагадненьня, якое тычыцца працы экіпажаў транспартных сродкаў, мікрасхем для картак лічбавага тахографа», — цытуе Дубіну прэс-служба Мінтранса.

Акрамя гэтага, Дубіна «са шкадаваньнем» сказаў, што «Польшчай прынятае рашэньне аб закрыцьці шэрагу аўтадарожных пунктаў пропуску на агульнай мяжы», а «Літва спыняе чыгуначныя зносіны» на асобных беларуска-літоўскіх пераходах.

«Шматкілямэтровыя чэргі транспартных сродкаў на мяжы з Эўразьвязам ня толькі нэгатыўна адбіваюцца на экалягічнай абстаноўцы, але і перашкаджаюць своечасовай дастаўцы тавараў першай неабходнасьці», — сказаў беларускі чыноўнік.

Дубіна заклікаў эўрапейскіх калег «да дыялёгу, прыняцьця сумесных намаганьняў па разьвіцьцю ўстойлівага транспарту і пошуку кампрамісных рашэньняў у інтарэсах усіх без выключэньня бакоў».

У сувязі з уведзенымі ў 2022 годзе санкцыямі ЭЗ спыніў пастаўкі ў Беларусь прадукцыі мікраэлектронікі. Празь недахоп чыпаў з кастрычніка мінулага году беларускім кіроўцам пры ажыцьцяўленьні міжнародных перавозак дазволілі выкарыстоўваць папяровыя раздрукоўкі лічбавага тахографа.

9 лютага ўлады Польшчы абвясьцілі пра закрыцьцё на нявызначаны тэрмін пункту памежнага пропуску Баброўнікі. На такі крок Варшава пайшла пасьля таго, як журналіста і актывіста Саюзу палякаў Анджэя Пачобута ў Беларусі пакаралі 8 гадамі зьняволеньня.

У адказ на ўведзеныя польскім бокам абмежаваньні 17 лютага ўрад Беларусі абмежаваў уезд на тэрыторыю Беларусі для польскіх грузавых аўтамабіляў і цягачоў.

21 лютага Польшча абмежавала рух беларускіх грузавікоў на памежным пераходзе Кукурыкі — Казловічы. Гэта было зроблена «ў сувязі з уведзенымі ўладамі Беларусі абмежаваньнямі для польскіх перавозчыкаў адносна магчымасьці перасячэньня мяжы на беларуска-літоўскім і беларуска-латвійскім памежных пераходах».

Абмежаваньне не распаўсюджваецца на пасажырскія перавозкі на памежным пераходзе Тарэспаль (зь беларускага боку — Берасьце), дадалі ў ведамстве.

МУС Польшчы адзначае, што рух грузавога аўтатранспарту будзе прыпынены «да таго часу, пакуль беларускія ўлады ня здымуць абмежаваньні для польскіх перавозчыкаў».

На мяжы Беларусі і Польшчы ёсьць шэсьць пунктаў пропуску: грузапасажырскія — Брузгі (з польскага боку — Кузніца-Беластоцкая), Бераставіца (Баброўнікі), Пясчатка (Полаўцы), Дамачава (Славатычы); грузавы — Казловічы (Кукурыкі); пасажырскі — Берасьце (Тарэспаль).

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту, раней польскія ўлады ў аднабаковым парадку забаранілі перасячэньне мяжы праз Брузгі, Пяшчатку і Дамачава.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG