Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rzeczpospolita: малаімаверна, што ўрад Польшчы прыме рашэньне цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю


Закрыты памежны пераход на польска-беларускай мяжы ў Баброўніках. Люты 2023
Закрыты памежны пераход на польска-беларускай мяжы ў Баброўніках. Люты 2023

«Людзі адтуль павінны бачыць, як выглядае нармальны сьвет»,— піша польская газэта пра беларусаў.

Закрыць польска-беларускую мяжу няпроста, піша польская газэта Rzeczpospolita. Эканамічная ізаляцыя магла б прымусіць Аляксандра Лукашэнку пайсьці на саступкі, але на гэта няма згоды ў Эўропе.

Пасьля таго як у мінулую сераду рэжым Лукашэнкі прысудзіў журналісту і актывісту польскай меншасьці Анджэю Пачобуту восем гадоў лягераў, урад вырашыў закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў Баброўніках. Падчас міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам, у лістападзе 2021 году быў зачынены пункт пропуску ў Кузьніцы. Такім чынам, на мяжы зь Беларусьсю засталіся толькі два дзейныя пункты пропуску: у Тарэспалі (пасажырскі) і Кукурыках (таварны).

Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі ня выключыў закрыцьця астатніх пераходаў. Rzeczpospolita сабрала меркаваньні экспэртаў, ці адбудзецца гэта.

«Думаю, што варта гэта разгледзець. Іншых інструмэнтаў у нас, па сутнасьці, няма, і мы павінны карыстацца тым, што даступна», — сказаў у эфіры Першай праграмы Польскага радыё намесьнік міністра культуры і дэпутат ад ПіС Яраслаў Селін.

Паводле зьвестак газэты Rzeczpospolita, цяпер малаімаверна, што ўрад Польшчы прыме рашэньне цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю.

«Я думаю, што гэта была б дрэнная ідэя. Трэба шукаць спосабы рэальна ўдарыць па рэжыме Лукашэнкі, стварыць праблемы людзям зь ягонага атачэньня. Але нельга зачыняць краіну, бо людзі адтуль павінны прыяжджаць і бачыць, як выглядае нармальны сьвет», — сказаў выданьню Rzeczpospolita добра інфармаваны суразмоўца з кіроўных колаў.

У 2008–2021 гадах у Беларусі было выдадзена амаль 150 тысяч «картаў паляка». Маючы такі дакумэнт, палякі ў Беларусі маюць гадавую візу і часта езьдзяць у Польшчу. А калі б пасажырскі рух цалкам спыніўся, і з краінамі Балтыі таксама, то яны засталіся б замкнёныя ў лукашэнкаўскім лягеры. Дарога, напрыклад, з Горадні ў Варшаву вяла б тады праз Стамбул і каштавала б некалькі тысяч злотых у адзін бок, піша Rzeczpospolita.

«Закрыць мяжу для пасажырскага руху і пакінуць грузавы — гэта дрэннае рашэньне. Я падтрымліваю закрыцьцё мяжы, але перш за ўсё для грузавікоў і цягнікоў, трэба спыніць гандаль. Гэта трэба было зрабіць яшчэ два гады таму, пасьля арыштаў лідэраў польскай меншасьці. А сёньня гродзенскія крамы перапоўненыя таварамі з Польшчы, а таксама зь іншых краін Эўразьвязу, вырабленымі для польскага рынку», — расказаў выданьню Rzeczpospolita актывіст перасьледаванага рэжымам Саюзу палякаў на Беларусі.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG