У гэты дзень дзевяць гадоў таму ў выніку штурму сілавікі расстралялі 47 грамадзян. Усяго ахвярамі сталі 88 пратэстоўцаў, у тым ліку два беларусы — грамадзянін Беларусі Міхась Жызьнеўскі (загінуў 22 студзеня 2014 году) і грамадзянін Украіны, этнічны беларус, колішні дэпутат парлямэнту Якаў Зайко (памёр 18 лютага 2014 году ад інфаркту, калі ўцякаў ад бэркутаўцаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве).
«Мусім рэалізаваць мару герояў»
Раніцай 20 лютага Ўладзімір Зяленскі са сваёй жонкай Аленай наведалі мэмарыял Герояў Нябеснай сотні на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве і паставілі каля помніка зьнічы на памяць аб загінулых у 2013-2014 гадах.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перакананы, што ўкраінцы дзякуючы сваёй мужнасьці і сіле духу змогуць адстаяць незалежнасьць краіны.
«Празь дзевяць гадоў пасьля Рэвалюцыі Годнасьці бітва за нашу незалежнасьць трывае. За самастойную, свабодную і моцную Ўкраіну, эўрапейскую і дэмакратычную, незалежную і цэласную. І ніводных сумневаў няма, што мы не абаронім усё гэта, што мы рэалізуем мару ўкраінскіх герояў», — заявіў Уладзімір Зяленскі з нагоды дня памяці герояў Нябеснай сотні.
Паводле яго, украінцы памятаюць, што цяперашняя моцнасьць і сілу духу базуецца на моцнасьці і сіле духу ўкраінцаў некалькіх пакаленьняў.
«Рабоў у рай не пускаюць. Гэта сэнс украінскага тлумачэньня волі. Гэта прычыны, чаму на нашай зямлі вораг не застанецца», — заявіў украінскі прэзыдэнт.
Расея наступае адразу на некалькіх кірунках на ўсходзе
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што Расея працягвае весьці наступ на некалькіх кірунках: пад Вуглядарам, Крэмінной і Бахмутам. Паводле выведнікаў, найбольш стратаў расейцы панесьлі на бахмуцкім кірунку, пры гэтым вядзецца пра найбольш баяздольныя элітныя фармаваньні — 155-й і 40-й брыгадах марской пяхоты.
Брытанскія выведнікі мяркуюць, што на расейскую армію палітычна цісьне набліжэньне гадавіны ўварваньня ва Ўкраіну, на якую Расея, імаверна, абвесьціць пра захоп Бахмуту, незалежна ад рэчаіснасьці.
«Калі вясновы наступ Расеі нічога ня дасьць, то напружанасьць у расейскім кіраўніцтве, пэўна, павялічыцца», — мяркуюць у выведцы Вялікай Брытаніі.
У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што Расеі не хапае рэзэрваў для наступу
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW), ацэньваючы баявыя дзеяньні ў Луганскай вобласьці, адзначылі, што Расеі, імаверна, не хапае дастатковых рэзэрваў, каб рэзка павялічыць маштаб або інтэнсіўнасьць наступу.
«Адсутнасьць некалькіх крытычна важных танкавых адзінак сьведчыць аб тым, што расейскія вайскоўцы працягваюць змагацца з заменай тэхнікі, асабліва танкаў, страчаных падчас папярэдніх няўдалых наступальных апэрацый.
Расейскія войскі амаль напэўна ўсё яшчэ маюць у рэзэрве некаторыя адноўленыя мэханізаваныя падразьдзелы, але накіраваньне гэтых абмежаваных рэзэрваў на лінію фронту ў Луганскай вобласьці наўрад ці кардынальна зьменіць ход цяперашняга наступу.
Расейскі наступ, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца некаторы час і можа часова набраць моц пры залучэньні апошніх рэзэрваў (калі яны будуць), але, імаверна, завершыцца далёка ад дасягненьня пастаўленых мэтаў і не дасягне значных апэратыўных посьпехаў», — мяркуюць экспэрты ISW.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.