Рэжысэр фільму— Лінда Вірэке (Linda Vierecke), праект зрабіла тэлекампанія Deuche Welle.
На працягу больш за 6 месяцаў турэцкі журналіст Джан Дзюндар езьдзіў за Ціханоўскай, каб расказаць яе гісторыю. Вялікі дакумэнтальны фільм выйшаў адразу на некалькіх мовах: ангельскай, гішпанскай, нямецкай, арабскай, хіндзі і расейскай. Прэм’ера адбылася на канале DW Беларусь:
Сярод іншага, у фільме Сьвятлана Ціханоўская расказала, чаму ў жніўні 2020 года зьехала зь Беларусі. Паводле яе, калі 10 жніўня яна паехала ў ЦВК, каб падаць скаргу, там ёй расказвалі, «якая доля яе чакае ў турме» і што чакае яе дзяцей. Паводле Ціханоўскай, гэтыя людзі «вельмі прафэсійна ціснулі ёй на псыхіку, а яна была адна і разгубілася».
«Яны расказвалі, што мяне падманулі, выкарыстоўвалі, а Маша Калесьнікава — агент. Я сказала, што добра, я паеду да дзяцей. Яны сказалі запісаць відэа», — расказвае Ціханоўская.
У фільме яна таксама кажа, што ня хоча жыць нідзе, акрамя Беларусі і нават не дапускае такой думкі.
11 жніўня 2020 году, калі стала вядома, што Ціханоўская знаходзіцца ў Літве, у YouTube зьявіўся яе зварот, у якім яна кажа, што самастойна прыняла рашэньне зьехаць з краіны і дадае «крый божа апынуцца перад такім выбарам, перад якім апынулася я».
Пазьней давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова заявіла парталу TUT.BY, што Ціханоўскую з краіны вывезьлі беларускія ўлады і ў яе не было выбару.