Рававы таксама расказвае, што папярэднічала акцыі актывістаў на беларуска-літоўскай мяжы, калі заблякавалі беларускія фуры з падсанкцыйным таварам з прадпрыемства «Гродна Азот».
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнт гутаркі
— Судзьдзя Аляксандар Піскуноў пакараў Сяргея Шэлеста — 14 гадамі калёніі; Уладзімера Жураўку — 15 гадамі калёніі; Андрэя Пагерылу — 14 гадамі калёніі; Ганну Аблаб — 11 гадамі калёніі; Аляксандра Гашнікава — 14 гадамі калёніі; Сяргея Дзюбу — 12 гадамі калёніі; Ігара Мінца — 12 гадамі калёніі; Валянціна Цераневіча — 12 гадамі калёніі; Сяргея Шамецьку — 12 гадамі калёніі; Аляксандра Капшуля — 15 гадамі калёніі. Важныя ня страшныя лічбы, а важныя людзі насамрэч. Давайце паспрабуем коратка расказаць самае важнае пра кожнага зь дзесяці асуджаных у справе «Рабочага руху».
— Гэта сумленныя людзі, якія, нават ведаючы пра тое, што агент контравыведкі КДБ ведае пра іх, пра тое, што яны дапамагаюць рэпрэсаваным, што яны паміж сабой размаўлялі пра патэнцыйныя страйкі ў будучыні, яны не лічылі гэта нейкім крыміналам. Яны гаварылі пра тое, што «мне там машыну трэба дафарбаваць». «15 содняў. Што такога мы рабілі»... А аказалася так, што рэжым трактуе дзейнасьць рабочых актывістаў, якія хацелі рабіць страйкі ў будучыні, як здраду дзяржаве, як экстрэмісцкае фармаваньне. Што сьведчыць аб тым, што рэжым баіцца гэтага...
Пачну пра тых, каго я ведаю найбольш, пра працоўных «Гродна Азота» Сяргея Шэлеста, Андрэя Пагерылу, Уладзімера Жураўку.
Пасьля 2020 году яны былі разам як сям’я. Андрэй Пагерыла жартаваў, што Сяргей Шэлест — гэта яго трэцяе дзіця, бо заўсёды яны езьдзілі разам і на адпачынак, і на возера... Была дружная кампанія азотаўцаў.
Валодзя Жураўка сумуе па сваім кату Васю, якога ён падабраў кацянём амаль 8 гадоў таму.
Валянцін Цераневіч — яшчэ адзін азотавец, працаўнік філіялу «Гродна Азот», які быў майстрам на гэтым прадпрыемстве і ўзначальваў незалежны прафсаюз на «Хімвалакне». Яго падставілі, сфабрыкавалі дакумэнты, якія ён нібыта атрымаў ад адміністрацыі «Азота» і адсылаў за мяжу. Гэта чалавек, які амаль усё ўмее рабіць з дрэвам і мэталам сваімі рукамі. Гэта чалавек, які клапаціўся пра сябраў незалежнага прафсаюзу ня толькі што тычыцца графіку зьменнасьці, які ён палепшыў на сваім прадпрыемстве, але і ў бытавых рэчах.
Раскажу пра «чыгуначнікаў». Ганна Аблаб — маці траіх дзяцей, якая складала графікі руху цягнікоў, у тым ліку вайсковых цягнікоў. Менавіта ад яе атрымалі інфармацыю і ведалі пра тое, што Расея рыхтуе наступ і ўвозіць нашмат больш вайскоўцаў, нашмат больш танкаў і абсталяваньня, чым было заяўлена на вучэньні, якія праходзілі перад уварваньнем.
Сяргей Дзюба быў такім камунікатыўным цэнтрам для чыгуначнікаў. Гэта чалавек, які мог наладзіць сувязі, які мог заўсёды падтрымаць, які быў маральным арыенцірам для чыгуначнікаў і для актывістаў сярод іх.
Сяргея Шамецьку з чыгункай зьвязвае тое, што ён любіў проста фатаграфаваць цягнікі, што ён захапляўся гэтым, нягледзячы на тое, што сам працаваў на «Атланце», дзе вырабляюць лядоўні і пральныя машыны. Насамрэч для нас было сюрпрызам і дзівам, калі яго ўзялі. Бо насамрэч ніхто з асуджаных, ні я асабіста, ня мелі зь ім ніякіх стасункаў. Гэта чалавек, які трапіў у лапы КДБ па не да канца зразумелых для нас абставінах.
Аляксандар Гашнікаў зь Беларускага мэталюргічнага заводу — гэта чалавек, адданы свайму калектыву. Ён быў лідэрам сярод актывістаў на БМЗ. Ён шмат чаго любіў рабіць сваімі рукамі, нешта заўсёды ў сваім аўтамабілі ўдасканальваў, рамантаваў. Праца рукамі яму вельмі падабалася. Як і ўсе асуджаныя, гэта людзі, якія прывыклі працаваць і нешта ствараць. А тыя, хто нічога не вырабляе, выносяць толькі жорсткія прысуды. Ім павінна быць сорамна за тое, што такія сумленныя людзі знаходзяцца ў турме.
Працоўныя «Нафтану» — асобная гісторыя. Ігар Мінц і Аляксандар Капшуль працавалі юрыстамі. Калі Капшуля звольнілі, Мінц заставаўся на прадпрыемстве.
І сядзіць ён папросту за тое, што кантактаваў з Капшулем. Капшуль — вельмі цьвёрды чалавек. Бацька дваіх дзяцей. Чалавек, які ніколі ня здраджваў сваім прынцыпам. Нават за кратамі ён дапамагаў іншым, калі яны сядзелі на адной лаве, складаць скаргу і выбудоўваць нармальна сваю абарону перад рэжымам, падказваў, як ня весьціся.
- «Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе завядзеньня сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.