Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты «Рабочага руху» не прапусьцілі ў Эўразьвяз дзьве фуры з угнаеньнямі «Гродна Азоту»


Актывісты арганізацыі «Рабочы рух» на літоўска-беларускай мяжы, 14 лютага 2023
Актывісты арганізацыі «Рабочы рух» на літоўска-беларускай мяжы, 14 лютага 2023

Беларускія актывісты, у тым ліку з арганізацыі «Рабочы рух», прыехалі на літоўска-беларускую мяжу, каб заблякаваць беларускія фуры з падсанкцыйным таварам.

Прадпрыемства «Гродна Азот» знаходзіцца пад санкцыямі. Але, як даведаўся «Рабочы рух», яму ўдаецца перавозіць сваю прадукцыю ў Эўразьвяз. Пры начной акцыі прысутнічалі журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ).

На памежным пункце пропуску Райгардас (Літва) (з боку Беларусі — Прывалка), актывісты затрымалі дзьве фуры, якія на той момант ужо прайшлі мытны кантроль у Літве.

Кіраўніку БРЦ Станіславу Івашкевічу ўдалося паразмаўляць з кіроўцам першага грузавіка, які пацьвердзіў, што ўгнаеньні пагрузілі ў яго машыну на прадпрыемстве «Гродна Азот». Кіроўца таксама паведаміў, што ён ня ў курсе, што груз санкцыйны і проста вязе яго да месца прызначэньня.

Шафёр другой фуры пацьвердзіў аналягічнае паходжаньне свайго грузу.

Пасьля разбору пры ўдзеле прадстаўнікоў літоўскай паліцыі, супрацоўнікаў мытні і памежнікаў літоўскі бок вырашыў накіраваць фуры на дадатковую праверку.

«Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе завядзеньня сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.

Дзесяць прадстаўнікоў арганізацыі цяпер на лаве падсудных у крымінальнай справе, што разглядаецца ў Гомельскім абласным судзе. Ім пагражае да 15 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве» і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Асобныя члены пачулі і іншыя абвінавачаньні.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) — незалежная арганізацыя, якая спэцыялізуецца на журналісцкіх расьсьледаваньнях. Яе матэрыялы зьяўляюцца на тэлеканале «Белсат».

БРЦ — сябра Міжнароднага цэнтру дасьледаваньняў карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), пэрыядычна супрацоўнічае з журналістамі зь іншых краін у межах сумесных расьсьледаваньняў. Беларускі расьсьледніцкі цэнтар узначальвае журналіст Стась Івашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG