Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія памежнікі адказалі на рашэньне Літвы скасаваць дамову аб супрацоўніцтве на мяжы


Літоўска-беларуская мяжа
Літоўска-беларуская мяжа

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пракамэнтаваў рашэньне Літвы спыніць узаемадзеяньне зь беларускімі мытнымі і памежнымі ведамствамі.

У паведамленьні ДПК Беларусі адзначаецца, што ў рамках ануляванага Літвой пагадненьня беларускія і літоўскія службы інфармавалі адна адну пра неабходнасьць узмацненьня зьмен, пераразьмеркаваньня сіл на больш загружаныя напрамкі і вырашэньня няштатных сытуацый.

Беларускі бок заявіў, што Літва летась фактычна не выконвала абавязаньні па пагадненьні: прапускала на сваю тэрыторыю да 50% фураў ад нормы, працавала нерытмічна.

«Разарваўшы пагадненьне ў афіцыйным парадку, Літва ўзяла на сябе адказнасьць за стварэньне чэргаў на мяжы зь Беларусьсю. Пазыцыя літоўскіх уладаў зьвялася да стварэньня праблем для тых, хто перасякае мяжу. Акрамя таго, гэты крок мае пэўныя мэты, зьвязаныя з пагаршэньнем эканамічных сувязей паміж нашымі краінамі. Такім чынам, літоўскі бок дыскрэдытаваў сябе як надзейнага партнэра, у тым ліку ў сфэры трансьмежавага супрацоўніцтва», – заявіў ДПК.

Сёньня стала вядома, што Літва выйшла з пагадненьня па забесьпячэньні бесьперабойнага патоку транспарту празь мяжу зь Беларусьсю.

16 лютага Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі ў аднабаковым парадку спыніла ўзаемадзеяньне з мытнымі і памежнымі службамі Рэспублікі Беларусь.

Пагадненьне па забесьпячэньні бесьперабойнага патоку транспарту празь мяжу і павелічэньні прапускной здольнасьці аўтадарожных пунктаў пропуску дзейнічала з 4 лістапада 2019 году.

Раней Літва пацьвердзіла закрыцьцё чыгуначнага пункту пропуску Стасілас — Беняконі на мяжы зь Беларусьсю. Рашэньне прынялі 14 лютага. Працоўным па гэтым кірунку застаўся пункт пропуску «Кяна» (зь беларускага боку «Гудагай»).

«Гэтыя меры прымаюцца ў сувязі зь вялікімі плынямі кантрабанды, якая перавозіцца цягнікамі зь Беларусі, і зьвязанай з гэтым падвышанай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы», — сказалі ў Літоўскай мытні, патлумачыўшы рашэньне закрыць рух адсутнасьцю рэнтгенаўскай сыстэмы надгляду на станцыі Стасілас.

Мытня адзначае, што апошнія гады аб’ём кантрабанды, у першую чаргу цыгарэт, зь Беларусі праз Стасілас значна вырас. Летась на Стасілас прыпала 87% цыгарэт, перахопленых на чыгунцы. У той жа час абʼём кантрабанднага патоку праз Кяну зьнізіўся пасьля ўстаноўкі там рэнтгенаўскага комплексу.

Ускладненьні на мяжы зь Літвой дадаліся да ранейшых праблем на мяжы з Польшчай. Польскія ўлады закрылі пункт пропуску «Баброўнікі», афіцыйна — у адказ на палітычны прысуд журналісту і дзеячу польскай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту, якому прысудзілі 8 гадоў турмы. Пры гэтым у гэтым пункце пропуску паліцыя арыштавала некалькіх мытнікаў праз падазрэньні ў хабары.

З шасьці пунктаў пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы засталіся два, абодва ў Берасьцейскай вобласьці. Толькі адзін зь іх прызначаны для руху легкавога транспарту: Берасьце — Тарэспаль.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG