Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва выйшла з пагадненьня па забесьпячэньні бесьперабойнага патоку транспарту празь мяжу зь Беларусьсю


Мяжа Беларусі і Літвы
Мяжа Беларусі і Літвы

Літва спыніла дзеяньне дакумэнту ў аднабаковым парадку.

16 лютага Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі ў аднабаковым парадку спыніла ўзаемадзеяньне з мытнымі і памежнымі службамі Рэспублікі Беларусь.

Пагадненьне па забесьпячэньні бесьперабойнага патоку транспарту празь мяжу і павелічэньні прапускной здольнасьці аўтадарожных пунктаў пропуску дзейнічала з 4 лістапада 2019 году.

Прычыны спыненьня ўзаемадзеяньня ў апавяшчэньні не пазначаны, напісала прэс-служба беларускага Памежнага камітэту.

Раней Літва пацьвердзіла закрыцьцё чыгуначнага пункту пропуску Стасілас — Беняконі на мяжы зь Беларусьсю. Рашэньне прынялі 14 лютага. Працоўным па гэтым кірунку застаўся пункт пропуску «Кяна» (зь беларускага боку «Гудагай»).

«Гэтыя меры прымаюцца ў сувязі зь вялікімі плынямі кантрабанды, якая перавозіцца цягнікамі зь Беларусі, і зьвязанай з гэтым падвышанай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы», — патлумачылі ў Літоўскай мытні рашэньне закрыць рух адсутнасьцю рэнтгенаўскай сыстэмы надгляду на станцыі Стасілас.

Мытня адзначае, што апошнія гады аб’ём кантрабанды, у першую чаргу цыгарэт, зь Беларусі праз Стасілас значна вырас. Летась на Стасілас прыпала 87% цыгарэт, перахопленых на чыгунцы. У той жа час абʼём кантрабанднага патоку праз Кяну зьнізіўся пасьля ўстаноўкі там рэнтгенаўскага комплексу.

Ускладненьні на мяжы зь Літвой дадаліся да ранейшых праблем на мяжы з Польшчай. Польскія ўлады закрылі пункта пропуску «Баброўнікі», афіцыйна — у адказ на палітычны прысуд журналісту і дзеячу польскай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту, якому прысудзілі 8 гадоў турмы. Пры гэтым у гэтым пункце пропуску паліцыя арыштавала некалькіх мытнікаў праз падазрэньні ў хабары.

З шасьці пунктаў пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы засталіся два, абодва ў Берасьцейскай вобласьці. Толькі адзін зь іх прызначаны для руху легкавога транспарту: Берасьце — Тэрэспаль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG