Праваабаронцы «Вясны» пры падтрымцы Прававой ініцыятывы, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускага ПЭНу, Беларускай асацыяцыі журналістаў прызналі палітзьняволенымі яшчэ 15 чалавек, пазбаўленых волі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), судзьдзяў і зьнявагу дзяржавы і дзяржаўных сымбаляў, іншыя формы рэалізацыі свабоды меркаваньняў:
- Анатоль Пугач зьмешчаны пад варту па артыкуле 366 КК за абразу А. Лукашэнкі;
- Дзяніс Хаўханаў асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК на адзін год і 2 месяцы калёніі;
- Анатоль Лявонік асуджаны за паклёп на А.Лукашэнку і абразу Лукашэнкі па ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 КК на 2 гады і 6 месяцаў калёніі;
- Павал Сьвірбутовіч асуджаны за паклёп на А.Лукашэнку і абразу Лукашэнкі па ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 КК на 2 гады і 6 месяцаў калёніі;
- Андрей Мацонка асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК на 1 год калёніі;
- Данііл Заяц асуджаны за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, па ч.1 арт 342 КК, абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК і выказваньне меркаваньня адносна ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў па арт. 364 КК у камэнтарах у сетцы Інтэрнэт на 2 гады калёніі;
- Мікалай Кароль зьмешчаны пад варту па артыкуле 366 КК за абразу А.Лукашэнкі;
- Сяргей Аўдзееў накіраваны на прымусовае лячэньне ў мэдычнай установе за абразу А.Лукашэнкі паводле вынікаў разгляду крымінальнай справы па арт. 368 КК;
- Алег Юшкевіч асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 КК, судзьдзі па арт. 391 КК і прадстаўнікоў улады па арт. 369 КК на два гады пазбаўленьня волі са штрафам у памеры 200 базавых велічынь (7,4 тыс. рублёў);
- Васіль Троцкі асуджаны за абразу судзьдзі па арт. 391 КК і прадстаўнікоў улады па арт. 369 КК на 1 год і 2 месяцы пазбаўленьня волі са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1110 рублёў);
- Анатоль Цепцікаў асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК на 2 гады калёніі;
- Міхаіл Кухарчук зьмешчаны пад хатні арышт па арт. 368 КК за камэнтар пра А.Лукашэнку;
- Людміла Коган зьмешчана пад хатні арышт па арт.341 КК за псаваньне маёмасьці надпісамі;
- Міхаіл Карпешка асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК на 1 год і 6 месяцаў калёніі;
- Максім Зайцаў асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі і па арт.369 за абразу прадстаўніка ўлады на 2 гады калёніі.
Праваабаронцы лічаць перасьлед і пазбаўленьне волі названых асоб палітычна матываваным.