Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія і Чарнагорыя папрасілі ўлады Малдовы ўдакладніць, чаму іх грамадзяне нясуць пагрозу краіне


Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Дрытан Абазавіч
Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Дрытан Абазавіч

Выступаючы перад нацыяй 13 лютага прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея рыхтавала ў краіне пераварот, а ўдзельнічаць у гэтым плянавалі грамадзяне Расеі, Сэрбіі, Беларусі і Чарнагорыі.

Сэрбія і Чарнагорыя афіцыйна зьвярнуліся да Малдовы з просьбай патлумачыць заявы прэзыдэнта Маі Санду аб атрыманай ёю з Украіны інфармацыі аб плянах Расеі правесьці дэстабілізацыйныя дзеяньні з удзелам грамадзян Сэрбіі і Чарнагорыі.

Міністар замежных справаў Сэрбіі Івіца Дачыч 14 лютага абверг удзел грамадзянаў Сэрбіі ў дывэрсійных акцыях, накіраваных на дэстабілізацыю Малдовы, і загадаў амбасадару Сэрбіі ў Кішынёве запытаць тлумачэньні заявы Санду.

«Мы просім малдаўскі бок перадаць нам усю інфармацыю, якая ў яго ёсьць аб гэтым. Да гэтага часу Рэспубліка Малдова не перадавала нам такіх паведамленьняў», — сказаў Дачыч.

Чарнагорыя таксама папрасіла Малдову патлумачыць заяву Санду і заявіла, што пакуль не атрымала адказу.

Патрабаваньні паступілі ў той жа дзень, калі Малдова закрыла сваю паветраную прастору на адну гадзіну дзеля бясьпекі цывільнай авіяцыі, гаворыцца ў заяве Упраўленьня цывільнай аэранаўтыкі краіны. Ніякіх дадатковых падрабязнасьцяў не паведамляецца.

Віцэ-прэм’ер Малдовы Ніку Папэску заявіў, што інфармацыя, якой падзялілася Санду, была атрыманая ад украінскай выведкі і правяраецца. У тэлефоннай размове з Дачычам Папэску дадаў, што пакуль не было прыкладаў датычнасьці сэрбскіх грамадзян і ўся інфармацыя будзе давацца праз службы бясьпекі, паведамляе сэрбскае МЗС.

13 лютага Санду заявіла, што атрымала дакумэнты ад украінскай выведкі, якія сьведчаць аб тым, што Масква плянавала дзеяньні супраць яе краіны, і што былі выяўленыя інструкцыі грамадзянам Сэрбіі, Расеі, Беларусі і Чарнагорыі ўяжджаць у Малдову для выкананьня гэтага пляну.

МЗС Расеі адхіліў абвінавачваньні, назваўшы іх «цалкам неабгрунтаванымі». У заяве гаворыцца, што такія словы зьяўляюцца спробай павысіць напружанасьць паміж Масквой і Кішынэвам і ўцягнуць Малдову «ў жорсткую канфрантацыю з Расеяй».

Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Дрытан Абазавіч заявіў, што ў яго няма інфармацыі аб тым, што асобныя грамадзяне Чарнагорыі плянуюць дэстабілізаваць Малдову.

«Мы паспрабуем зьвязацца зь іх кабінэтам міністраў для атрыманьня дадатковай інфармацыі. Пры неабходнасьці нашы службы бясьпекі правядуць дадатковыя праверкі. Калі ў іх ёсьць яшчэ якая-небудзь інфармацыя, мы гатовыя яе выслухаць», — сказаў Абазавіч.

Ён таксама сказаў, што такія заявы ня варта зьвязваць з палітыкай ураду Чарнагорыі, які, паводле яго слоў, на 100% выконвае санкцыі ЭЗ супраць Расеі і дапамагаў Украіне і ўкраінскім уцекачам.

Тым часам напружанасьць ужо паўстала. Улады Малдовы 13 лютага забаранілі ўезд у краіну 12 сэрбскім футбольным фанатам, якія зьбіраліся наведаць матч у Тыраспалі, сталіцы сэпаратысцкага Прыднястроўскага рэгіёну. Там бялградзкі «Партызан» 16 лютага правядзе гульню 1/16 фіналу Лігі Эўропы супраць мясцовага «Шэрыфу».

Памежная паліцыя Малдовы паведаміла, што 12 сэрбам адмовілі ва ўезьдзе, бо яны нібыта ня мелі неабходных дакумэнтаў і не змаглі абгрунтаваць мэту сваёй паездкі. Пазьней улады Малдовы паведамілі, што гульню наогул правядуць без гледачоў, а грошы за білеты вернуць заўзятарам, якія ўжо іх набылі, у тым ліку сэрбам.

У кіраўніцтве «Партызану» заявілі, што папярэдзілі сваіх заўзятараў аб ускладненьнях у арганізацыі матчу і паездцы на яго, і названыя 12 чалавек ладзілі паездку самастойна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG