Уладзімір Зяленскі сказаў, што дакумэнт паказвае, калі і як Расея плянавала «разбурыць дэмакратыю ў Малдове і ўсталяваць кантроль над Малдовай», і сказаў, што папярэджваў пра гэта Кішынёў.
Таксама ён сказаў, што плян вельмі падобны на той, які прыдумала Расея для захопу Ўкраіны, і дадаў, што ня ведае, ці аддала ў выніку Масква загад выканаць плян.
Служба выведкі і бясьпекі Малдовы пацьвердзіла, што атрымала інфармацыю аб гэтым пляне.
«Служба выведкі і бясьпекі пацьвярджае, што як з інфармацыі, перададзенай нашым украінскім партнэрам, так і з нашай апэратыўнай дзейнасьці, выяўлена дывэрсійная дзейнасьць з мэтай падрыву стабільнасьці ў Рэспубліцы Малдова і парушэньня грамадзкага парадку», — гаворыцца ў заяве службы.
Служба ня можа даць больш падрабязнай інфармацыі, «бо існуе рызыка паставіць пад пагрозу розныя бягучыя апэратыўныя дзеяньні».
Віцэ-прэм’ер Ніку Папэску заявіў, што за апошні год у Кішынэве былі спробы дэстабілізаваць урад, і ўсе яны праваліліся.
У заяве офісу прэзыдэнта Маі Санду гаворыцца, што ўстановы Малдовы «працуюць над гарантаваньнем бясьпекі краіны і выкарыстоўваюць усю інфармацыйную дапамогу партнэраў, каб прадбачыць і прадухіліць любыя спробы падарваць нашу дзяржаву».
Прэзыдэнтка Малдовы таксама заявіла, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з эўрапейскімі лідэрамі і зь іншымі замежнымі партнэрамі, у тым ліку зь Зяленскім, «зь якім пастаянна абменьваецца думкамі і інфармацыяй адносна сытуацыі ў рэгіёне».
Малдова падала заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз адразу пасьля таго, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну амаль год таму. Расея ўжо тры дзесяцігодзьдзі трымае свае войскі ў сэпаратысцкім рэгіёне Малдовы Прыднястроўе.