Увосень мінулага году карэспандэнт «Праекту» знайшоў на тэрыторыі Валдайскага нацыянальнага парку ахоўную чыгуначную станцыю зь верталётнай пляцоўкай побач зь вёскай Доўгія Бароды — гэта найбліжэйшы населены пункт да любімай валдайскай рэзыдэнцыі Ўладзіміра Пуціна.
Мясцовыя жыхары паведамілі выданьню, што станцыю і спэцыяльную чыгуначную ветку да яе пабудавалі выключна для Пуціна. Паводле спадарожнікавых здымкаў, станцыя і чыгунка для на Валдаі пабудаваныя ў 2019 годзе.
Новая, пабудаваная адмыслова для прэзыдэнта Расеі станцыя зьявілася, як адзначае выданьне, у Нова-Агарове ў 2015 годзе. Яна разьмешчана за 400 мэтраў ад рэзыдэнцыі Пуціна ў Маскоўскай вобласьці. Зямлю пад станцыю канфіскавалі з прыватнай уласнасьці на карысьць Фэдэральнай службы аховы рашэньнем тагачаснага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева. Сама спэцстанцыя разьлічана на невялікую колькасьць вагонаў і схавана за высокім плотам, на якім праз кожныя дзесяць мэтраў усталявалі камэры назіраньня.
Яшчэ адну «прэзыдэнцкую» станцыю, паводле інфармацыі «Праекту», пабудавалі ў Сочы. Для спыненьня цягніка ля сочынскай рэзыдэнцыі Пуціна «Бачароў ручай» у 2017 годзе зьявілася плятформа і новая тупіковая чыгуначная ветка, схаваная высокім плотам ад каляін, па якіх ходзяць электравікі.
Спэцыяльны цягнік, на якім Пуцін езьдзіць у свае рэзыдэнцыі, абслугоўваюць, паводле зьвестак выданьня, у дэпо на станцыі Масква-Каланчэўская, дзе знаходзіцца закрыты вакзал для ВІП-пэрсон. Гэты спэцвакзал дзейнічае — навакольны высокі плот дадаткова ўмацаваны калючым дротам. У 2017 годзе проста да пэрону ВІП-вакзалу паклалі новую аўтадарогу для картэжу.
Раней цэнтар «Дасье» паведамляў, што яшчэ да ўварваньня ва Ўкраіну Пуцін перасеў з самалётаў на бронецягнік, каб яго перамяшчэньні не адсачылі.
Цягнік Пуціна візуальна амаль не адрозьніваецца ад звычайных саставаў Расейскай чыгункі, ён такога ж шэрага колеру з чырвонай паласой. Адрозьненьне ў тым, што ўсе вагоны цягніка Пуціна браняваныя і ў яго самы высокі прыярытэт (гэта значыць, расклад цягнікоў карэктуюць так, каб састаў мог ехаць без прыпынкаў з максымальнай хуткасьцю).
Спэцыяльныя цягнікі для Пуціна робіць кампанія «Гранд Сэрвіс Экспрэс», заснаваная ў 2002 годзе. Раней саўладальнікам гэтай кампаніі, па дадзеных «Коммерсанта», быў Кірыл Кавальчук, пляменьнік блізкага сябра Пуціна Юрыя Кавальчука. Апошнімі ўладальнікамі, паводле зьвестак з рэестру юрыдычных асоб, сталі кіпрская Sorena Investments Ltd і Piper Participation Corp з Брытанскіх Віргінскіх астравоў. Абедзьве кампаніі, на думку цэнтру «Дасье», зьвязаны зь Юрыем Кавальчуком празь яго знаёмых.