Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва па справе зьбітага над Данбасам «Боінга» ўсклала адказнасьць на Пуціна


Боінг MH-17 пасьля крушэньня
Боінг MH-17 пасьля крушэньня

Абʼяднаная сьледчая група ў Нідэрляндах лічыць Уладзіміра Пуціна адказным за крушэньне авіялайнэра, зьбітага ў 2014 годзе над Украінай. Імёны новых падазроных не назвалі.

Прадстаўнікі Абʼяднанай сьледчай групы (JIT) на прэсавай канфэрэнцыі ў Гаазе 8 лютага заявілі, што прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін датычны да крушэньня лайнэра, які ляцеў рэйсам MH-17, і асабіста ўхваліў пастаўкі СПА на тэрыторыю Ўкраіны. Пра гэта паведаміў карэспандэнт DW з Гаагі.

Такія высновы сьледзтва зрабіла, праслухаўшы запісы размовы прызначанага Расеяй кіраўніка рэспублікі Крым Сяргея Аксёнава са сваім памочнікам. Аксёнаў згадаў, што рашэньні аб пастаўках узбраеньняў сэпаратыстам прымае ў Расеі першая асоба. Пры гэтым у размове ня згадвалася, ці ішла размова менавіта пра ЗРК «Бук».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін як кіраўнік дзяржавы валодае юрыдычным імунітэтам і ня можа быць падвергнуты судоваму перасьледу, гэта будзе магчыма толькі пасьля таго, як ён пакіне сваю пасаду. У гэтым выпадку разбор па справе «Боінга МН17» можа быць працягнуты, заявіла пракурор Дыгна ван Ботзэлер.

  • У лістападзе 2022 году суд Гаагі на выязным паседжаньні ў амстэрдамскім аэрапорце Схіпхол завочна асудзіў на пажыцьцёвае зьняволеньне трох абвінавачаных па справе аб крушэньні малайзійскага «Боінга» пад Данецкам у чэрвені 2014 году — расейцаў Ігара Стралкова, Сяргея Дубінскага і ўкраінца Леаніда Харчанку. Іх прызналі вінаватымі ў крушэньні цывільнага самалёта і ў забойстве 298 чалавек.
  • «Боінг» авіякампаніі Malaysian Airlines 17 чэрвеня 2014 году выконваў рэйс па маршруце Амстэрдам — Куала-Лумпур і пацярпеў крушэньне на ўсходзе Данецкай вобласьці Ўкраіны, у зоне збройнага супрацьстаяньня паміж украінскім войскам і сіламі прарасейскіх сэпаратыстаў. Загінулі 298 пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Пасьля катастрофы пяць краін — Аўстралія, Бэльгія, Малайзія, Нідэрлянды і Ўкраіна — стварылі сумесную Міжнародную сьледчую групу (JIT). Яе экспэрты прыйшлі да высновы, што малайзійскі «Боінг» быў зьбіты ракетай з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», запушчанай з боку населенага пункта Першамайскі. Гэтая тэрыторыя была пад кантролем сэпаратыстаў.
  • Адказнасьць за тое, што адбылося, ня ўзяў на сябе ніводзін з бакоў. Расея неаднаразова заяўляла, што ня мае дачыненьня да катастрофы «Боінга».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG