У Сырыі ад стыхійнага бедзтва найбольш моцна пацярпеў паўночны захад, які кантралюецца паўстанцамі, пакінуўшы многіх бяз даху над галавой у другі раз пасьля таго, як яны перасяліліся з іншых рэгіёнаў у выніку грамадзянскай вайны, якая доўжылася дзесяцігодзьдзе. Гэты рэгіён атрымаў мала дапамогі ў параўнаньні з раёнамі, якія кантралююцца ўрадам.
Прадстаўнік Эўразьвязу ў Сырыі заклікаў Дамаск не палітызаваць пытаньні гуманітарнай дапамогі, адхіляючы абвінавачваньні ў тым, што ЭЗ ня здолеў аказаць дастатковай дапамогі сырыйцам пасьля землятрусу магнітудай 7,8 бала.
«Абсалютна несправядліва, калі нас абвінавачваюць у неаказаньні дапамогі, калі насамрэч мы пастаянна робім менавіта гэта на працягу больш за дзесяць гадоў, і мы робім значна больш нават падчас землятрусу», — сказаў Дэн Стаэнеску для Reuters.
У Турэччыне дзейнічаюць марадэры
У суботу Гізэм, ратавальнік з паўднёва-ўсходняй правінцыі Шанліўрфа, заявіла, што бачыла марадэраў у горадзе Антак’я.
«Мы ня можам моцна ўмешвацца, бо большасьць марадэраў маюць нажы», — сказала яна.
Паліцыя і салдаты разьехаліся, каб сачыць за парадкам і дапамагаць у дарожным руху і раздаваць ежу.
Турэцкія ўлады заявілі аб прыблізнай лічбе ў 80 тысяч чалавек у шпіталях і больш як мільёне чалавек у часовых месцах пражываньня.
Першы землятрус магнітудай 7,7 на паўднёвым усходзе Турэччыны, які закрануў некалькі раёнаў Сырыі, адбыўся ў ноч на 6 лютага. Празь некалькі гадзін недалёка ад яго эпіцэнтру адбыўся другі землятрус магнітудай 7,6. Пасьля іх было зафіксавана больш за 1200 паўторных падземных штуршкоў.
Выратавальныя каманды і мэдыкі прыбылі ў Турэччыну і Сырыю з 70 краінаў. ААН выдзеліла 25 мільёнаў даляраў са свайго надзвычайнага фонду на наданьне тэрміновай гуманітарнай дапамогі пацярпелым у Турэччыне і Сырыі. ЗША таксама выдзяляюць 85 мільёнаў даляраў на дапамогу. Сусьветны банк абʼявіў, што вылучае на дапамогу Турэччыне 1,78 мільярда даляраў.