Паводле колькасьці чалавечых ахвяраў землятрус займае ўжо сёмы радок сярод стыхійных катастрофаў XXI стагодзьдзя, падлічыла агенцтва Reuters. Дзясяткі тысяч людзей параненыя, сотні тысяч пазбавіліся жытла. Паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, землятрус закрануў 23 мільёны чалавек, сярод якіх амаль паўтара мільёна дзяцей.
Статыстыкі па загінулых і пацярпелых жывёлах няма. Зоаабарончыя арганізацыі накіравалі свае каманды ў пацярпелыя раёны на дапамогу прытулкам і жывёлам, якія засталіся без жытла. Многія жывёлы, якія выжылі, параненыя і знаходзяцца ў стане шоку, апынуліся на вуліцы бяз доступу да вады і ежы.
У Турэччыне сур’ёзныя прэтэнзіі прадʼяўляюць да ўладаў і будаўнікоў, якія, як лічыцца, не выконвалі стандарты пры ўзьвядзеньні шматпавярховых будынкаў у сэйсьмічна актыўных зонах. Крытыка гучыць і ў адрас прэзыдэнта краіны Рэджэпа Эрдагана: у тым ліку з прычыны затрымак з дастаўкай дапамогі і позьняга пачатку выратавальных работ. Эрдаган прызнаў «некаторыя праблемы», аднак, паводле яго, цяпер сытуацыя пад кантролем.
Паводле ацэнак агенцтва Fitch Ratings, эканамічныя страты Турэччыны ў выніку землятрусу могуць дасягнуць 4 мільярдаў даляраў.
На поўначы Сырыі, паводле ратавальнікаў, загінулі сама меней 1900 чалавек, сотні людзей апынуліся пад заваламі.
Улады Сырыі заяўляюць, што ўведзеныя супраць рэжыму Асада санкцыі пагаршаюць сытуацыю пасьля землятрусу. Напярэдадні ўлады ЗША абвясьцілі, што дзейныя супраць Сырыі амэрыканскія санкцыі ня будуць закранаць транзакцыі, якія тычацца наданьня ёй дапамогі ў сувязі зь землятрусам ажно да жніўня 2023 года.
Першы землятрус магнітудай 7,7 на паўднёвым усходзе Турэччыны, які закрануў некалькі раёнаў Сырыі, адбыўся ў ноч на 6 лютага. Празь некалькі гадзін недалёка ад яго эпіцэнтру адбыўся другі землятрус магнітудай 7,6. Пасьля іх было зафіксавана больш за 1200 паўторных падземных штуршкоў.
Выратавальныя каманды і мэдыкі прыбылі ў Турэччыну і Сырыю з 70 краінаў. ААН выдзеліла 25 мільёнаў даляраў са свайго надзвычайнага фонду на наданьне тэрміновай гуманітарнай дапамогі пацярпелым у Турэччыне і Сырыі. ЗША таксама выдзяляюць 85 мільёнаў даляраў на дапамогу. Сусьветны банк абʼявіў, што вылучае на дапамогу Турэччыне 1,78 мільярда даляраў.