Ранейшая інфармацыя ад родных пра тое, што Аляксандра ў шпіталі, не пацьвердзілася — на відэа бачылі падобную жанчыну, але гэта не яна, паведаміла ў Інстаграме яе сястра Марыя.
«Сёньня маю сястру і яе пляменьніка знайшлі мёртвымі. Усім дзякуй за дапамогу», — напісала Марыя раніцай 11 лютага.
Целы беларускі Аляксандры Акпінар і яе сына Алі Кемаля дасталі з-пад завалаў дома, дзе яны пражывалі, удакладнілі ў амбасадзе Беларусі ў Турэччыне.
Апошні раз Аляксандра Акпінар выходзіла на сувязь увечары 5 лютага. Яна жыла з мужам і сынам у горадзе Хатай — адным з самых пацярпелых ад магутнага землятрусу раёнаў.
8 лютага стала вядома, што муж Аляксандры Кемаль памёр у шпіталі.
10 лютага МЗС Беларусі паведаміла, што борт Мінабароны эвакуяваў з Турэччыны трох беларусак зь дзецьмі.
Раней стала вядома ў іншым турэцкім горадзе Кахраманмараш падчас землятрусу ў Турэччыне загінула беларуска разам з мужам і дзецьмі — 11-гадовым сынам і 4-гадоваю дачкою. У доме, дзе жыла гэтая сям’я, уратаваліся ўсе, акрамя іх. Цела беларускі і яе 4-гадовай дачкі дасталі з-пад завалаў учора.
Землятрус магнітудай 7,7 адбыўся раніцай 6 лютага ў правінцыі Кахраманмараш на поўдні Турэччыны. Наступствы закранулі шмат рэгіёнаў Турэччыны і і суседняй Сырыі. Штуршкі працягваліся на працягу ўсяго дня. Паводле апошніх зьвестак, у абедзьвюх краінах загінулі больш за 23 тысячы чалавек.