МЗС Беларусі паведаміла, што часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Марціну Вайцяхоўскаму заяўлены «рашучы пратэст» у сувязі з абвешчанымі плянамі Варшавы прыпыніць 10 лютага 2023 году рух у пункце пропуску Баброўнікі — Бераставіца.
МЗС Беларусі заявіў пра «катэгарычную непрымальнасьць гэтага кроку, які абвастрае і без таго вельмі складаную сытуацыю на беларуска-польскай мяжы і парушае правы тысяч грамадзян Беларусі, Польшчы і многіх іншых краін».
«Гэты крок у прынцыпе носіць антыгуманны характар. Польскае кіраўніцтва наўмысна стварае нечалавечыя ўмовы для простых грамадзян і перавозчыкаў, наносіць істотную шкоду як буйным эканамічным апэратарам, так і дробнаму бізнэсу», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве беларускага МЗС.
«Найбольшую шкоду панясуць эўрапейскія кампаніі і грамадзяне, перш за ўсё польскія. Як вядома, беларускія перавозчыкі праз раней прынятыя польскім бокам рашэньні гэтую мяжу перасякаць не могуць. Уся без выключэньня віна за наступствы такіх валюнтарысцкіх рашэньняў ляжыць на дзейным урадзе Польшчы», — заявілі ў беларускім замежнапалітычным ведамстве.
«Беларускі бок пакідае за сабой права прыняць адэкватныя меры рэагаваньня і заўсёды адкрыты для канструктыўнага і ўзаемапаважлівага дыялёгу ў інтарэсах грамадзян Беларусі і Польшчы», — гаворыцца ў заяве.
9 лютага стала вядома, што пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў Баброўніках. Аб гэтым паінфармаваў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі 9 лютага.
Рашэньне дзейнічае ад 10 лютага 2023 году. Фактычна адзіным даступным для беларусаў застаецца зараз памежны пераход з Польшчай у Берасьці.
Абвастрэньне адносін Менску і Варшавы пасьля 2020 году
У кастрычніку 2020 году Польшча і Беларусь узаемна адклікалі амбасадараў: амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, як і амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімер Чушаў, вярнуліся ў свае краіны «для кансультацый».
Гэта адбылося на фоне абвастрэньня стасункаў паміж краінамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады беларускае МЗС запатрабавала ад дыпляматычных прадстаўніцтваў Польшчы і Літвы істотна скараціць колькасьць супрацоўнікаў у краіне. Беларусь у Польшчы з тых часоў прадстаўляў павераны ў справах амбасады Беларусі ў Варшаве.
У 2021 годзе Польшча закрыла пераход Брузгі (Кузьніца Беластоцкая), прычына — міграцыйны крызіс, які арганізавалі беларускія ўлады.
У Беларусі жывуць сотні тысяч людзей польскага паходжаньня. Польшча апошнія гады была лідэрам па выдачы беларусам шэнгенскіх візаў. Пасьля пачатку масавых рэпрэсій 2020 года Польшча выдала беларусам шмат гуманітаных візаў.
Па стане на 30 лістапада 2022 году ў Польшчы жылі 68 684 грамадзяніны Беларусі.
Рэакцыя Польшчы на вырак Пачобуту
8 лютага МЗС Польшчы выклікаў паверанага ў справах Беларусі пасьля таго, як журналіст польскага паходжаньня Анджэй Пачобут у Беларусі быў пакараны на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў справе, якая, як падкрэсьлівае Варшава, зьяўляецца палітычна матываванай. Пра гэта паведаміў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы.
«Палітычна матываваны паказальны працэс і сёньняшні прысуд зьяўляюцца наглядным сьведчаннем антыпольскіх дзеяньняў уладаў Беларусі, — гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы. — Мы асуджаем несправядлівы вырак, вынесены судом аўтарытарнай дзяржавы».
Анджэй Пачобут быў асуджаны па абвінавачаньні ў «распальваньні нянавісьці да рэлігійных і нацыянальных груп і рэабілітацыі нацызму» пасьля арышту ў сакавіку 2021 году, паведаміла польскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва PAP.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.