Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы на дабрачынным мастацкім аўкцыёне сабралі 71 тысячу злотых для беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў


Прытулак для ўцекачоў у Варшаве
Прытулак для ўцекачоў у Варшаве

Фонд Humanosh im. Sławy i Izka Wołosiańskich трэці раз арганізаваў дабрачынны аўкцыён. З 2021 году ён арганізоўвае Мірныя дамы для падтрымкі беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў.

Як паведаміў сайт Reform.by, функцыянаваньне дамоў адбываецца на сродкі, атрыманыя з аўкцыёнаў.

На цяперашні аўкцыён творы перадалі больш за 30 мастакоў, папярэдні адбор работ на выставу ў варшаўскай галерэі «Piękna» рабіла куратарка Вольга Мжэльская. Сёлета ўдзел узялі і ўкраінскія аўтары.

Аўкцыён адбыўся 8 лютага, прыняць у ім удзел можна было як у самой галерэі, так і онлайн з дапамогай дзьвюх інтэрнэт-пляцовак ці праз тэлефон.

За найбольшую суму — 14 тысяч злотых — прадалі работу маладога аўтара Аляксандра Адамава, у ёй ён выкрывае заганы сучаснага грамадзтва.

Цікавымі калекцыйнымі лотамі сталі нумар часопіса Time і ўкраінскі сьцяг — абодва з аўтографамі генэрала Валерыя Залужнага. Іх пачатковы кошт быў 100 злотых, у выніку сьцяг прадалі за 4600 польскіх злотых, а часопіс — за 2000. Наборы марак, сярод якіх легендарны «Рускі ваенны карабель... усё», прадаліся за сумы ад 600 да 900 злотых, падняўшыся з пачатковай цаны ў 100 злотых.

Катажына Скопец
Катажына Скопец

Аўкцыён прайшоў пасьпяхова, сабралі 71 000 злотых, і гэтая сума можа вырасьці. Прэзыдэнтка Фонду Катажына Скопец паведаміла, што гэтых сродкаў будзе дастаткова, каб пакрыць расходы на ўтрыманьне Мірных дамоў для ўкраінскіх і беларускіх уцекачоў. Непрададзеныя работы яшчэ можна набыць у галерэі «Piękna».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG