Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазнавальны знак «Ж» і забарона выходзіць на вуліцы. Стала вядома, дзе праводзяць вучэньні ў Клічаўскім раёне


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

Зьявілася інфармацыя, што падчас «антытэрарыстычных» вучэньняў КДБ у Беларусі людзям забараняюць выходзіць на вуліцу.

Улады не выдавалі дакладнага месца вучэньняў, якія праводзяць сярод усіх сілавых ведамстваў. Аднак, як высьветліла ініцыятыва «Мотолько, помоги», іх ладзяць у аграгарадку Нясята і ў раёне чыгуначнай станцыі Нясята Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласьці.

Жыхарам забаранілі распаўсюджваць інфармацыю пра вучэньні, а дзецям не дазвалялі выходзіць на вуліцу падчас трэніровак сілавікоў. Па некаторых зьвестках, сёньня ноччу жыхарам наогул забаранілі выходзіць з дому, піша ініцыятыва.

Апазнавальным знакам гэтых вучэньняў стала «сьняжынка» або літара «Ж» на тэхніцы і белыя простакутнікі і скотч у сілавікоў. Жыхарам забаранялі фатаграфаваць тэхніку, пагражалі крымінальнай адказнасьцю.

Мястэчка Нясята знаходзіцца за 11 км на захад ад Клічава, яно вядомае з XVI стагодзьдзя.

Адначасова з гэтымі вучэньнямі ў Беларусі адбываецца маштабнае трэнаваньне дзяржаўных органаў на базе Вайсковай акадэміі, вайскоўцы наведваюць навучальныя ўстановы. Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі заявіў, што заходнія дзяржавы спрабавалі розныя формы і мэтады «нагнятаньня вайскова-палітычнай абстаноўкі» ў 2020 годзе на тэрыторыі Беларусі.

«Сёньня неабходна толькі карэктаваньне пэўных дзеяньняў, мабілізацыя ўсіх дзяржаўных органаў для выкананьня задач нацыянальнай бясьпекі», — адзначыў ён.

У трэнаваньні дзяржаўных органаў 7-9 лютага ўдзельнічаюць адміністрацыя Лукашэнкі, урад, Дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі, розныя міністэрствы і ведамствы, мясцовыя органы ўлады і прадстаўнікі Нацыянальнага сходу. Плянуецца адпрацаваць сыстэму апэратыўнага абмену інфармацыяй, парадак узаемадзеяньня паміж ведамствамі.

Адначасова з гэтымі трэніроўкамі на палігоне «Берасьцейскі» пачаўся першы этап двухбаковага ротнага тактычнага вучэньня з удзелам дзьвюх дэсантна-штурмавых рот 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Мінабароны паведаміла, што на гэтым этапе вайскоўцы адпрацоўваюць элемэнты разьмяшчэньня, маскаваньня і арганізацыі аховы ў раёне засяроджаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG