Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала адказаў на пытаньне аб тым, як у Беларусі працуе інстытут завочнага судаводзтва. Па ягоных словах, Беларусь не вылучаецца тут нечым новым.
«Ён існуе ў многіх краінах — у розных фарматах, з рознымі нюансамі. Завочнае крымінальнае судаводзтва — гэта ня нейкая навэла. Гэта даўняя рэчаіснасьць, у тым ліку ў нас. І я скажу, што за мінулы год у нас у парадку завочнага судаводзтва асуджана 1400 чалавек. Але гэта ў звычайным парадку. Гэта ня тыя людзі, якія ўцяклі ад правасудзьдзя кудысьці за мяжу», — патлумачыў Сукала.
Ён адзначыў, што завочныя суды разгледзелі дзьве крымінальныя справы ў дачыненьні да «экстрэмістаў».
«А што да катэгорыі, на якую пашырана завочнае крымінальнае судаводзтва, мы разгледзелі дзьве такія справы. І зараз у вядзеньні судоў рознага ўзроўню знаходзяцца яшчэ шэсьць. Мы ўжо адаптаваліся да гэтай навэлы і актыўна яе ўжываем. Я думаю, яна мае права на жыцьцё», — дадаў Сукала.
Раней у Беларусі асудзілі групу асоб, якіх палічылі адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі», гэта Даніла Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занямонская, Дзьмітры Навоша і Яніна Сазановіч. Усіх завочна асудзілі на 12 гадоў калёніі.
Затым адбыўся другі завочны суд, ужо над прадстаўнікам Беларускага фонду спартовай салідарнасьці. Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну таксама прысудзілі па 12 гадоў калёніі.
На суд ніхто зь іх не зьявіўся, усе завочна асуджаныя знаходзяцца за мяжой.
Завочна будуць судзіць палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую і Паўла Латушку, блогера Сьцяпана Пуцілу, а таксама шэраг іншых асоб. Ім прызначаюць дзяржаўных адвакатаў, аднак тыя зазвычай нават ня зьвязваюцца з падабароннымі да працэсу.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.