Раней адвакаты Саакашвілі паведамлялі, што ён у рэанімацыі. Паплечнікі экс-прэзыдэнта лічаць, што яго ў турме атруцілі.
Міхэіла Саакашвілі ў 2021 годзе прыгаварылі да шасьці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў злосным перавышэньні службовых паўнамоцтваў. У траўні мінулага году здароўе палітыка пачало пагаршацца, з 12 траўня ён знаходзіцца ў прыватнай клініцы, застаючыся пры гэтым пад вартай.
30 студзеня прэсавы сакратар Саакашвілі Георгі Чаладзэ паведаміў, што яго перавялі ў аддзяленьне рэанімацыі, але дырэктарка клінікі не пацьвердзіла гэтую інфармацыю. Сябры сям’і і адвакаты дамагаліся вызваленьня Саакашвілі, каб вывезьці яго на лячэньне за мяжу.
Саакашвілі назваў рашэньне суду «сьмяротным прысудам», вынесеным у інтарэсах яго палітычных праціўнікаў.
Раней Саакашвілі заяўляў адвакатам, што яго «забіваюць у турме тымі ж мэтадамі, што і Сяргея Магніцкага», і нават «яшчэ больш вытанчана і публічна». Ён зьвярнуўся да вядомага фінансіста Ўільяма Браўдэра з просьбай дапамагчы мясцовым праваабарончым групам у стварэньні «новага „сьпісу Магніцкага“, не чакаючы сьмяротнага зыходу». Браўдэр паабяцаў спрыяць і папрасіў адвакатаў Саакашвілі выслаць яму сьпіс асобаў, якіх яны лічаць вінаватымі ў меркаваным атручваньні грузінскага палітыка. Ён заявіў, што перадасьць сьпіс заходнім урадам, каб тыя, магчыма, увялі санкцыі.
На пачатку студзеня ў Грузіі і яшчэ больш як у 20 краінах прайшлі акцыі ў падтрымку Саакашвілі. Удзельнікі акцый заклікалі вызваліць палітыка і даць яму магчымасьць прайсьці лячэньне ў ЭЗ. Некаторыя актывісты абвінавачвалі цяперашнія ўлады Грузіі ў тым, што яны дамагаюцца сьмерці Саакашвілі.