Гаворка ідзе пра нежаданьне ўладаў краіны адэкватна адрэагаваць на прапанову грузінскіх мэдыкаў і міжнародных экспэртаў аб сьмяротнай небясьпецы, якая навісла над палітыкам, і неабходнасьці перавесьці яго на лячэньне ва ўкраінскую або эўрапейскую клініку.
Экс-прэзыдэнт, асуджаны судом Тбілісі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, некалькі месяцаў лячыўся ад псыхічных і эндакрыналягічных захворваньняў у клініцы «Вівамэдзі».
Пасьля арышту ў кастрычніку 2021 году Саакашвілі схуднеў на 60 кіляграмаў і цяпер важыць ня больш за 70 кг.
Лекары ўпэўненыя, што пацыенту пагражае сьмяротная небясьпека, калі ён будзе заставацца няхай і не ў турме, а ў двухпакаёвай палаце элітнай клінікі.
Па словах галоўнага лекара клінікі Зураба Чхаідзэ, пацыент прымае ўсяго 500–600 калёрый у дзень, што прыводзіць да прагрэсуючай страты вагі.
Адвакаты Саакашвілі сьцьвярджаюць, што іх кліенту нельга прымаць ежу. У той жа час міністар юстыцыі Грузіі Рата Брэгадзэ на спэцыяльным брыфінгу сказаў, што «асуджаны Саакашвілі займаецца наўмысным самапашкоджаньнем, каб пазьбегнуць пакараньня».
Тым часам на Тбілісі ўзмацняецца ціск ня толькі з боку эўрапейскіх структураў, але і з боку Кіева: прэзыдэнт Зяленскі наўпрост абвінаваціў улады Грузіі ў замаху на забойства грамадзяніна Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі, а МЗС Украіны нагадаў пра «мэтады НКВД» фізычнага і псыхалягічнага ціску на зьняволеных.
- Бліжэйшым часам Эўракамісія павінна ацаніць гатоўнасьць Грузіі павысіць статус краіны з «эўрапейскай пэрспэктывай» да дзяржавы, афіцыйнага кандыдата ў члены ЭЗ разам з Украінай і Малдовай.
- Выканаўчая ўлада ЭЗ ня можа ня ўлічваць пазыцыю Эўрапарлямэнту, а таксама кіраўніцтва Ўкраіны, якая вядзе кровапралітную абарончую вайну на парозе Эўразьвязу.