«У найгоршых традыцыях НКВД СССР улады Грузіі ўжываюць псыхалягічны і фізычны гвалт у дачыненьні да Міхэіла Саакашвілі, адмаўляюць яму ў тэрміновай мэдычнай дапамозе, наўмысна ствараючы прамую пагрозу яго жыцьцю», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.
Украінскі бок перакананы, што Грузія грубае парушае правы чалавека ў дачыненьні да грамадзяніна Ўкраіны, і гэтыя парушэньні супярэчаць абвешчанаму Тбілісі курсу на сяброўства ў Эўразьвязе, а таксама сьведчыць аб краху дэмакратыі ў Грузіі.
«Мы заклікаем улады Грузіі неадкладна спыніць зьдзекі зь Міхэіла Саакашвілі і перадаць яго Ўкраіне. Не гуляйце жыцьцём чалавека дзеля палітычнай помсты. Мы таксама зьвяртаемся да замежных урадаў і міжнародных арганізацыяў з заклікам публічна выступіць у абарону грамадзяніна Ўкраіны, былога прэзыдэнта Грузіі, жыцьцё якога апынулася ў небясьпецы праз палітычныя рэпрэсіі з боку грузінскіх уладаў», — заявіла МЗС Украіны.
Аб пагаршэньні стану здароўя Міхэіла Саакашвілі стала вядома 1 лютага ў часе ягонага дыстанцыйнага ўдзелу ў пасяджэньні Тбіліскага гарадзкога суду, на якім разглядалася хадайніцтва адвакатаў аб адтэрміноўцы прысуду і ягоным вызваленьні па стане здароўя.
У часе паседжаньня ён на ўкраінскай мове зачытаў свой зварот да Ўкраіны, у якім заявіў, што ўпэўнены ў яе перамозе. «Але калі я ня выжыву, маё сэрца павінна быць пахаванае ў Кіеве», — сказаў Саакашвілі.
На пачатку сёлетняга студзеня ў Грузіі і яшчэ больш як у 20 краінах прайшлі пікеты ў падтрымку Саакашвілі. Удзельнікі заклікалі вызваліць палітыка і даць яму магчымасьць прайсьці лячэньне ў ЭЗ. Некаторыя актывісты абвінавачвалі цяперашнія ўлады Грузіі ў тым, што яны дамагаюцца сьмерці Саакашвілі.
Экс-прэзыдэнт Грузіі, які мае ўкраінскае грамадзянства, быў арыштаваны ў Тбілісі ўвосень 2021 году пасьля патаемнага вяртаньня ў краіну. Да таго часу ў дачыненьні да яго быў вынесены завочны прысуд — 6 гадоў пазбаўленьня волі ў справе аб перавышэньні паўнамоцтваў.
У сувязі з аслабленьнем здароўя Саакашвілі перавялі ў цывільную клініку ў Тбілісі. Сам палітык і ягоныя прыхільнікі настойваюць на тым, што пагаршэньне стану магло быць выклікана атручэньнем. Улады Грузіі сьцьвярджаюць, што для такіх высноў няма доказаў.
Крымінальны перасьлед Міхэіл Сакашвілі называе палітычна матываваным.