Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе рэпутацыя? Да паўторнага візыту Лукашэнкі ў ААЭ


Лукашэнка і прэзыдэнт ААЭ, шэйх Мухамэд Бэн Заідам аль-Нахаян
Лукашэнка і прэзыдэнт ААЭ, шэйх Мухамэд Бэн Заідам аль-Нахаян

Што азначае паўторны візыт Лукашэнкі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, чаму ён з Зымбабвэ не вярнуўся ў Беларусь? Свой адказ на пытаньне прапануе Валер Карбалевіч.

Замежныя візыты Аляксандра Лукашэнкі набываюць усё больш дзівосныя формы. Глядзіце самі. Спачатку ён адпачываў пяць дзён (з 25 па 30 студзеня) у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ). Гэтая паездка афіцыйна пазначаная як візыт. Лукашэнка правёў там адну пратакольную сустрэчу зь нейкай афіцыйнай асобай, пра якую прэсавая служба нават пасаромелася згадваць. Бо, пэўна, яе ўзровень быў надзвычай нізкі.

Потым паехаў у Зымбабвэ. Той візыт быў больш экзатычны, чым плённы. Чакалася, што цяпер ужо ён вернецца дамоў. Але нечакана высьветлілася, што Лукашэнка зноў паляцеў у ААЭ. Ці то каб працягнуць адпачынак, ці то каб сустрэцца з тамтэйшым прэзыдэнтам, шэйхам Мухамэдам Бэн Заідам аль-Нахаянам. Пра статус гэтай паездкі нічога не паведамляецца. Што гэта: візыт ці адпачынак?

У любым выпадку звонку ўсё гэта выглядае даволі непрывабна. Калі глядзець на сытуацыю з афіцыйнага гледзішча, то вось адзін кіраўнік дзяржавы прыяжджае ў другую краіну. Прэзыдэнт той краіны, то бок гаспадар, яго не прымае, ня хоча зь ім сустракацца. Лукашэнка чакаў пяць дзён. І не дачакаўся. Вымушаны быў зьехаць ні з чым.

І вось пасьля візыту ў Зымбабвэ высьвятляецца, што прэзыдэнт ААЭ нарэшце сасьпеў, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Той абрадаваны і, замест таго, каб вяртацца дамоў, зноў ляціць у Эміраты. Бо прэзыдэнт ААЭ аказаў такі гонар, даў згоду на сустрэчу. Усё гэта выглядае для Лукашэнкі вельмі прыніжальна. Нібыта адзін лідэр вымольваў сустрэчу, а другі празь нейкі час нарэшце зрабіў літасьць.

У выніку Лукашэнка настолькі расчуліўся, што ў пачатку перамоваў прадэманстраваў празьмерную для кіраўнікоў дзяржаў лісьлівасьць: «Спадар прэзыдэнт, я вельмі шчыры чалавек, таму вы ведаеце, што я пра вас думаю. Я заўсёды быў найвышэйшай думкі пра вас і вашых сяброў».

Справа ў тым, што цяпер для Лукашэнкі ня важна, як ён выглядае звонку. Калі рэпутацыя страчаная, то далей можна паводзіць сябе, ні на што не зважаючы. І гатоўнасьць замежных лідэраў яго прыняць цяпер цэніцца на вагу золата.

Нягледзячы на тое, што Лукашэнка часта робіць візыты ў ААЭ, гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Эміратамі невялікі. У 2021 годзе ён склаў 80 млн даляраў. Прычым ён практычна не расьце.

Сустрэчы лідэраў спадарожнічала такое паведамленьне прэсавай службы Лукашэнкі: «Асабліва варта адзначыць той факт, што ў сустрэчы бралі ўдзел старэйшы і малодшы сыны прэзыдэнта Беларусі, гэта таксама сьведчыць аб асаблівым характары адносінаў, па-сапраўднаму сяброўскіх». Гэта намёк на сямейны бізнэс?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG