Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына знаходзіцца ў гомельскай жаночай калёніі № 4, паведамляе выданьне «Позірк. Навіны пра Беларусь». Палітзняволеную этапавалі туды пасьля разгляду апэляцыі.
- Летась 6 кастрычніка Менскі абласны суд (судзьдзя Вячаслаў Тулейка, унесены ў санкцыйныя сьпісы краін Захаду) прызначыў 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму Ірыне Леўшынай, 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму Дзьмітрыю Наважылаву, 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму Андрэю Аляксандраву, 9 гадоў калёніі ягонай жонцы Ірыне Злобінай.
- Фігурантаў справы «БелаПАН» абвінавацілі ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» паводле ч. 1 арт. 3611 КК (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрада дзяржаве» паводле ч. 1 арт. 356 (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў у буйным памеры па ч. 2 арт. 243 (Аляксандраў, Наважылаў), а таксама ў падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках па ч. 2 арт. 342, што нібыта выявілася ў аплаце штрафаў удзельнікам пратэстаў (Аляксандраў, Злобіна).
Таксама ў гомельскую жаночую калёнію № 4 перавялі нядаўна палітзьняволеную Тацяну Карповіч.
23 сьнежня ў Магілёўскім абласным судзе яе абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»). Судзьдзя Павал Клімаў прызначыў жанчыне 5 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 250 базавых велічыняў. Яе абвінавацілі ў перадачы дадзеных сілавікоў, настаўнікаў, судзьдзяў у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі».
31 студзеня КДБ дадаў палітзьняволеную ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». За кратамі Тацьцяну ўтрымліваюць 15 месяцаў.