Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Баўгарыі прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народу


Помнік ахвярам Галадамору ў Кіеве
Помнік ахвярам Галадамору ў Кіеве

Нацыянальны сход Баўгарыі сёньня большасьцю галасоў выступіў за прызнаньне Галадамору 1932–33 гадоў генацыдам украінскага народу.

Устаноўлены дзень памяці ахвяраў — апошняя субота лістапада кожнага году. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў падзяку баўгарскім уладам.

За прыняцьце рашэньня прагаласавалі 134 дэпутаты баўгарскага парлямэнту, супраць — 25. Прапанова прызнаць Галадамор генацыдам была вылучана празаходнімі партыямі «Дэмакратычная Баўгарыя» і «ГЕРБ». Раней яны таксама выступалі за аказаньне Ўкраіне вайсковай дапамогі для адбіцьця расейскай агрэсіі.

Супраць выступалі парлямэнцкая група «Адраджэньне» і група Сацыялістычнай партыі, якія часта выступаюць з прарасейскіх пазыцый. Лідэр «Адраджэньня» Кастадзін Кастадзінаў пагадзіўся, што Галадамор быў злачынствам супраць чалавечнасьці, аднак ён лічыць, што яго мэтай было зьнішчэньне людзей паводле клясавай, а не этнічнай прыкметы.

Барыслаў Гуцанаў ад Сацыялістычнай партыі прапанаваў зьняць пытаньне з галасаваньня, заявіўшы, што парлямэнт павінен займацца больш надзённымі пытаньнямі.

Раней рашэньні аб прызнаньні Галадамору генацыдам украінскага народу прынялі ўлады ЗША, Нямеччыны, Ірляндыі, Румыніі, Малдовы, а таксама Эўрапарлямэнт.

  • Галадамор — масавы голад ва Ўкраінскай ССР у 1932–1933 гадах — быў выкліканы палітыкай хлебанарыхтовак і канфіскацыі ўсіх харчовых запасаў у сялян, якая праводзілася савецкай уладай. У выніку голаду загінула ня менш як 5 млн чалавек, дакладныя лічбы невядомыя. Многія гісторыкі сыходзяцца на думцы, што гаворка ішла аб мэтанакіравана арганізаваным савецкімі ўладамі голадзе на тэрыторыі Украіны. Вярхоўная Рада Ўкраіны прызнала Галадамор генацыдам у 2006 годзе. Улады Расеі выступаюць супраць такой ацэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG