«Ня мае сэнсу мець пасла, расейскага пасла, у якой-небудзь эўрапейскай сталіцы. У большасьці выпадкаў гэта ўжо не дыпляматычны інстытут, а інстытут прапаганды, які пакрывае ваенныя злачынствы і ў цэлым прасоўвае праграму генацыду», — заявіў Ландсбергіс, якога цытуе піша Delfi.lt.
Ён таксама нагадаў, што Літва выслала расейскага пасла яшчэ летась вясной, у адказ на забойствы мірных жыхароў у Бучы, а ў студзені аб высылцы расейскіх паслоў аб’явілі Эстонія і Латвія.
«Я не выключаю, што яшчэ больш краін, убачыўшы, што адбываецца ва Ўкраіне, змогуць пераканацца, што гэта правільны шлях», — падкрэсьліў Ландсбергіс.
27 студзеня МЗС Расеі загадаў амбасадару Латвіі ў Маскве Марысу Рыекстыньшу пакінуць краіну на працягу двух тыдняў. Гэты крок нібыта зьвязаны з «рашэньнем кіраўніцтва Латвіі аб паніжэньні ўзроўню расейска-латвійскіх дыпляматычных адносін».
Раней МЗС Расеі абʼявіла аб паніжэньні ўзроўню дыпляматычнага прадстаўніцтва Эстоніі ў краіне да часовага паверанага ў справах. Амбасадару Эстоніі Маргусу Лайдрэ, якога выклікалі ў МЗС РФ, заявілі пратэст «у сувязі зь дзеяньнямі эстонскіх уладаў». Дыплямат павінен пакінуць Расею 7 лютага 2023 году.
У МЗС Эстоніі ў адказ на гэта заявілі, што прытрымліваюцца прынцыпу парытэту ў адносінах з Расеяй, што азначае, што расейскі амбасадар пакіне краіну адначасова з амбасадарам Эстоніі ў Маскве. На знак салідарнасьці з Эстоніяй Латвія абвясьціла аб паніжэньні ўзроўню дыпляматычных адносін з Расеяй.