Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія акупацыйныя ўлады Мелітопаля вярнулі вуліцам савецкія назвы


Чыгуначны вакзал Мелітопаля да акупацыі Расеяй. 2020
Чыгуначны вакзал Мелітопаля да акупацыі Расеяй. 2020

Зноў зьявяцца вуліцы Леніна, Крупскай, Дзяржынскага, Варашылава, Арджанікідзэ, Чапаева.

Кіраўніца расейскай акупацыйнай адміністрацыі ўкраінскага Мелітопаля Галіна Данільчанка паведаміла аб вяртаньні вуліцам гораду «ранейшых гістарычных назваў», напрыклад вуліцы Леніна, Крупскай, Дзяржынскага, Варашылава, Арджанікідзэ, Чапаева і іншых дзеячаў савецкай рэвалюцыі і ўлады.

Па словах прадстаўніцы акупантаў, рашэньне нібыта было прынята «ў сувязі са шматлікімі зваротамі гараджан» і ў мэтах аднаўленьня «гістарычнай справядлівасьці».

Данільчанка, анансуючы зьмены, згадала папярэднюю хвалю перайменаваньняў у Мелітопалі: у 2016 годзе, у рамках абвешчанай уладамі Украіны «дэкамунізацыі».

Паводле вэрсіі чыноўніцы, тады «многія вуліцы былі названыя ў гонар украінскіх нацысцкіх ідэолягаў». Пры гэтым з больш як 80 вуліц, якім будуць вернуты савецкія назвы, толькі некалькі насілі імёны прадстаўнікоў украінскага нацыяналістычнага руху.

У апублікаваным Данільчанкам сьпісе геаграфічных аб’ектаў, якія падлягаюць перайменаваньню, ёсьць вуліцы савецкага кінарэжысэра Грыгорыя Чухрая і савецкага мастака Аляксандра Тышлера, якія нарадзіліся ў Мелітопалі (цяпер яны зноў будуць вуліцамі Арцёма і Катоўскага адпаведна), вуліцы «бацькі савецкай касманаўтыкі акадэміка Сяргея Каралёва (яе пераймянуюць у вуліцу Куйбышава), князя Яраслава Мудрага (яна стане вуліцай Розы Люксэмбург), кінарэжысэра Аляксандра Даўжэнкі (ёй вернуць імя тэарэтыка марксізму, немца Карла Лібкнехта).

Перайменаваны будуць нават вуліца Ялцінская і Крымскі завулак.

Мелітопаль быў захоплены расейскімі войскамі ў пачатку сакавіка мінулага года. 30 верасьня Пуцін падпісаў указ аб «далучэньні» гораду, нароўні зь яшчэ некалькімі акупаванымі ўкраінскімі тэрыторыямі, да Расеі. Гэтае рашэньне не прызнана пераважнай большасьцю краін сьвету.

Пачынаючы з анэксіі Крыму ў 2014 годзе ўкраінскія ўлады дэмантавалі сотні помнікаў, а таксама перайменавалі некалькі тысяч вуліц, якія так ці інакш былі зьвязаны з СССР і Расеяй, у дзясятках гарадах Украіны. Працэс «дэкамунізацыі» рэзка паскорыўся пасьля пачатку поўнамаштабнага ўзброенага ўварваньня расейскіх войскаў на ўкраінскую тэрыторыю ў лютым мінулага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG