Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 лютага: Прызначылі суды над Ціханоўскім і арыштаванымі за «агентурную дзейнасьць на карысьць Украіны»


Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Затрымалі чатырох работнікаў ААТ «Гомельтранснафта Дружба»

Як паведаміла крыніца выданьня «Флагшток», прычынай затрыманьняў, якія адбыліся 1 лютага, стала тое, што работнікі прадпрыемства з працоўных кампутараў наведвалі інтэрнэт-рэсурсы, якія рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкімі».

Зноў судзяць Ціханоўскага

Нядаўна стала вядома пра новую крымінальную справу супраць палітвязьня Сяргея Ціханоўскага паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі турмы). Паводле сьледзтва, палітвязень падчас адбыцьця тэрміну нібыта «сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні».

Справу яго пачнуць разглядаць 14 лютага ў судзе Жодзіна, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Працэс будзе весьці судзьдзя Іван Грынкевіч.

Раней палітвязьню, асуджанаму на 18 гадоў калёніі, у жніўні ўзмацнілі пакараньне і перавялі ў Жодзіна на турэмны рэжым. Там яго зьмяшчалі ў ШЫЗА.

Прызначылі суд за «агентурную дзейнасьць»

Таксама 14 лютага ў Гомельскім абласным судзе распачнецца суд над грамадзянінам Украіны Паўлам Купрыенкам і жыхарамі Гомельшчыны Дзьмітрыем Салавянчыкам і Тарасам Мачынскім. У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 358-1 («агентурная дзейнасьць»),
  • ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве»),
  • ч. 1 арт. 405 («пакрывальніцтва злачынстваў»).

Справу будзе разглядаць судзьдзя Руслан Царук. Працэс пакуль адкрыты.

КДБ спатрэбілася толькі 3 месяцы, каб расьсьледаваць гэтую справу і перадаць яе ў суд, адзначаюць праваабаронцы.

У Бабруйску мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі за абразу Лукашэнкі

У судзе Бабруйскага раёну і Бабруйску асудзілі Анатоля Цепцікава паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэксу.

Судзьдзя Антон Дудуль прызначыў Анатолю 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мужчыну затрымалі 25 кастрычніка 2022 году за расьпіцьцё сьпіртных напояў у грамадзкім месцы. Знаходзячыся ў дзяжурным пакоі міліцыі чыгуначнага вакзала ў Бабруйску, ён некалькі разоў выказваў абразы ў адрас Лукашэнкі.

Затрымалі сям’ю вернікаў царквы «Новая Зямля»

Сілавікі раніцай 1 студзеня затрымалі Андрэя і Веру Мамойкаў. Пра гэта паведаміў актывіст Сяргей Мельянец у фэйсбуку.

«Ведаю іх зь дзяцінства. Тры гады таму стварылі сямʼю. Актыўна служаць у царкве „Новая Зямля“ ў групе праслаўленьня. У Веры — выдатны голас. Андрэй — бубнач.

Толькі што я даведаўся інфармацыю [пра затрыманьне]ад таты Андрэя, які служыць пастарам у гэтай царкве — Дзьмітрыя Мамойкі», — напісаў Мельянец.

Паводле яго зьвестак, сужэнцы знаходзяцца ў статусе «падазроных» паводле 342 артыкула КК.

«Удзел у несанкцыянаваным мітынгу (знайшлі па нейкім фота). Правядуць 3 месяцы на Валадарскага да суду», — напісаў Сяргей Мельянец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG