Паводле дадзеных Галоўнага цэнтру эканамічнай інфармацыі Польшчы, у 2022 годзе ў Польшчы адкрылі 1745 новых кампаній зь беларускім капіталам. Для параўнаньня: у 2021 годзе іх было 886, у 2020-ым — 469, у 2019-ым — 458, 2018-ым — 320.
Агулам, паводле інфармацыі СOIG, на 10 студзеня 2023 году на тэрыторыі Польшчы дзейнічалі ўжо 4980 кампаній, у якіх адным з акцыянэраў (або рэальны бэнэфіцыяр) зьяўляецца беларуская кампанія або фізычная асоба (за 2022 прырост склаў 35%).
Пакуль па гэтым паказьніку Беларусь саступае толькі Ўкраіне (25 289) і Нямеччыне (9570); яшчэ не абнародавалі дадзеныя па Нідэрляндах, а ў сярэдзіне 2022 году кампаній з гэтай краіны было больш, чым беларускіх.
Варшава, Беласток і павятовы горад Бяла-Падляска ў Люблінскім ваяводзтве займаюць першыя тры месцы сярод гарадоў, у якіх найчасьцей прапісваюцца інвэстары зь Беларусі. На пачатак 2023 году ў Варшаве дзейнічалі 2362 кампаніі, у Беластоку — 574, Бяла-Падлясцы — 276. У топ-10 таксама ўваходзяць Уроцлаў (219 кампаній), Гданьск (162), Кракаў (147), Познань (131), Лодзь (78), Люблін (61) і Пясэчна (59).
Больш за 70% усіх зарэгістраваных у Польшчы беларускіх кампаній — у сталічным Мазавецкім (53,9%) і двух усходніх ваяводзтвах — Падляскім (12,85%) і Люблінскім (7,93%). Агулам беларускія бізнэсы працуюць ва ўсіх 16-ці ваяводзтвах краіны. Менш за ўсё іх у Апольскім ваяводзтве (цэнтар — Аполе, 14 кампаній або 0,28%).
Топ-15 папулярных галінаў, у якіх беларусы адкрывалі бізнэс у Польшчы ў 2022 годзе:
- Аўтатранспартныя перавозкі грузаў (885 кампаній — паводле зьвестак на 10.01.2023)
- Будаўнічыя працы, зьвязаныя з узьвядзеньнем жылых і нежылых будынкаў (314)
- Дзейнасьць, зьвязаная з праграмаваньнем (296),
- Неспэцыялізаваны аптовы гандаль (200),
- Розьнічныя продажы, якія ажыцьцяўляюцца дастаўкай або праз інтэрнэт (162),
- Выкананьне іншых аздобна-будаўнічых прац (136),
- Рэалізацыя будаўнічых праектаў, зьвязаных з узьвядзеньнем будынкаў (126),
- Іншыя дзелавыя і кіраўнічыя кансультацыі (99),
- Рэстарацыі і іншыя сталыя паслугі харчаваньня (96),
- Цырульні і іншыя касмэтычныя працэдуры (94),
- Аптовы і розьнічны продаж легкавых аўтамабіляў і фургонаў (76),
- Абслугоўваньне і рамонт транспартных сродкаў, акрамя матацыклаў (75)
- Аптовы гандаль драўнінай, будаўнічымі матэрыяламі і сантэхнічным абсталяваньнем (75),
- Дзейнасьць іншых транспартных агенцтваў (69),
- Работа пасажырскага таксі (65).