Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аб лячэньні расейскіх салдатаў у нас ніхто не хацеў гаварыць, як і з ковідам». Размова з мэдыкам, які пераехаў зь Беларусі ў Польшчу


Аляксандар Трафімаў
Аляксандар Трафімаў

Гэта гісторыя лекара Аляксандра Трафімава з Баранавічаў. Ён больш за 10 гадоў працаваў на «хуткай». Вядзе блог на 8 тысяч падпісчыкаў, Сутыкнуўся зь перасьледам і звольніўся. Ужо два месяцы сям’я Трафімавых жыве ў Польшчы.

З Аляксандрам Трафімавым Свабода пагутарыла пра тое, колькі трэба грошай, каб паехаць у іншую краіну, якія настроі цяпер сярод беларускіх мэдыкаў, а таксама што дае вера ў Бога чалавеку, які страціў дом, працу і радзіму.

Аляксандар Трафімаў зь сям'ёй
Аляксандар Трафімаў зь сям'ёй

Ператрус, арышт, страта пасады

Аляксандру 38 гадоў. Адвучыўся на тэрапэўта ў Горадні. Разьмеркаваўся ў баранавіцкую «хуткую дапамогу» лекарам выязной брыгады. Апошнія гады, да восені 2021-га, быў намесьнікам начальніка станцыі, але на паўстаўкі выяжджаў на выклікі. Ён вядзе блог, дзе расказвае гісторыі з практыкі ратаўніка. Жонка Алена працавала т’ютарам для дзіцяці з аўтызмам. У сям’і Трафімавых трое сваіх дзяцей — 12, 10 і 5 гадоў.

Аляксандар пачаў цікавіцца грамадзка-палітычнай сытуацыяй яшчэ са студэнтцва. На працу ў «хуткай» хадзіў у майцы з Пагоняй. З 2020 году ў сям’і кожны чацьвер вырашылі гаварыць па-беларуску.

Да лекара двойчы прыходзілі сілавікі. Першы раз улетку 2021-га зь ператрусам (падазравалі ў абразе міліцыянта). Чым скончылася тая крымінальная справа, невядома.

У другі раз яго забралі на трое сутак у ліпені 2022 году нібыта за «распаўсюд экстрэмізму». Нічога не знайшлі і выпусьцілі без пратаколу. На допыце сілавікам не спадабалася фота Трафімава з надпісам «0‰» у падтрымку Арцёма Сарокіна (лекар, які перадаў журналістам зьвесткі аб стане Рамана Бандарэнкі.РС).

Аляксандар Трафімаў
Аляксандар Трафімаў

У 2021 годзе Трафімаў звольніўся, бо разумеў, што кантракт яму не падоўжаць за ягоную палітычную пазыцыю. Уладкаваўся гастраэнтэролягам у баранавіцкую паліклініку і адначасна перавучваўся па спэцыяльнасьці на курсах.

«Трафімаў, будзь асьцярожным. За табой ужо сочаць»

— Ці шмат прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі сярод мэдыкаў пасьля ковіднага пэрыяду?

— На «хуткай» падтрымліваюць уладу менш за 10%, мы іх ведалі па імёнах. Калі трэба было накіраваць 4 чалавекі на праўладны мітынг, мы нікога не знайшлі. У паліклініцы таксама большасьць не падтрымліваюць сыстэму.

У ахове здароўя няма парадку. Людзі бачаць, што гадамі нічога ня робіцца. Як было з ковідам: «У нас ковіду няма», а людзі пацярпелі, самі зьбіралі сродкі на СІЗы.

— Складаецца ўражаньне, што ёсьць сумленныя лекары, якія ратуюць жыцьці людзей, і кепскія кіраўнікі, празь якіх мэдыцынская сыстэма ў дрэнным стане. Ці гэта так?

— Збольшага так. Першая фраза, якую мне сказалі, калі я заняў пасаду, каб я быў з калектывам больш жорсткім. Яна вызначае ўсю вэртыкаль. Яны па-іншаму ня ўмеюць. Гэта перадаецца ад кіраўніка кіраўніку. Мне хацелася паказаць калектыву, што можна кіраваць інакш. Не абавязкова крычаць на калег, прыніжаць іх, тыцкаць у іхныя памылкі, прылюдна выгаворваць.

Лекар Аляксандар Трафімаў
Лекар Аляксандар Трафімаў

— У вас атрымалася, каб вас паважалі, а не баяліся?

— Мне казалі, што я меў на калектыў большы ўплыў, чым загадчык. Да мяне прыходзілі розныя кіраўнікі пагаварыць, бо баяліся, што павяду калектыў на забастоўку ці на мітынгі.

У 2020 годзе здарыўся ковід. У нас не было СІЗаў. Я пераступіў праз свой гонар і прасіў грошы ў прадпрымальнікаў гораду. Мы наладзілі пашыў камбінэзонаў, пастаўку масак. Я пісаў на ўсе плятформы: ByCovid19, Hackerspace і нават Symbal.by нам прыслалі дапамогу. Нам дапамагалі садкі і школы. У нас было столькі СІЗаў, колькі не было ні ў кога ў Баранавічах. На чарговай нарадзе мяне папярэдзілі: «Трафімаў, будзь асьцярожным. За табой ужо сочаць. Ты з кожнай маскай вылазіш у Instagram і ўсім дзякуеш».

Мы годна пратрымаліся ў першую хвалю. У нас ніхто з супрацоўнікаў не памёр. У нас не было такога абвалу, каб усе адначасна захварэлі. У пачатку мы адпусьцілі ў адпачынак усіх пэнсіянэраў і цяжарных, а папрасілі выйсьці маладых.

Я моцна выгараў у гэты пэрыяд і пайшоў у доўгі адпачынак. Калі вярнуўся, то адчуў вельмі цёплы прыём. Калі я трапіў на «суткі», на «хуткай» вырашалі, як мне дапамагчы, хаця я ўжо год там не працаваў.

«Пастаянна ідзе ціск: «Усе вы тупыя!»

— Працэс звальненьня мэдыкаў не спыняецца. Магчыма, неўзабаве ня будзе каму лячыць людзей, бо выяжджаюць прафэсіяналы. Наколькі гэта праўда?

— Гэта праўда. Выяжджаюць мэдыкі з досьведам, канкурэнтаздольныя. Я ведаю шмат выпадкаў, калі зьехалі пасьля 40 гадоў. Зьехалі штучныя вузкія спэцыялісты, яго ня так хутка можна падрыхтаваць. Яны вывозяць з сабой досьвед. Яны маглі б вучыць маладых.

— Калі б вы працавалі ў Міністэрстве аховы здароўя, якія рэчы вы б памянялі ў першую чаргу?

— Трэба зьмяніць усю сыстэму пад корань.

Па-першае, варта заматываваць лекараў застацца ў Беларусі. Ім трэба палепшыць матэрыяльнае становішча. Калі немагчыма даць добрыя заробкі, можам палепшыць умовы працы: паменшыць пісаніну, даць добрыя прэпараты, абсталяваньне, уніформу на «хуткай».

Па-другое, трэба павысіць прэстыж прафэсіі мэдыка. Стаўленьне людзей да лекараў ня вельмі добрае. Кіраўніцтва хутчэй гатовае пакараць лекара, чым заступіцца за яго. Доктар мае адчуваць сябе абароненым, бо нават самы лепшы лекар можа памыліцца, многія працуюць на паўтары-дзьве стаўкі, увесь час у напружаньні. Чаму яны ня хочуць хадзіць на пяціхвілінкі? Бо пастаянна ідзе ціск: «Усе вы тупыя!» Колькі разоў мы чулі словы прыніжэньня, шантаж, дэпрэміяваньне, высьмейваньне.

Па-трэцяе, варта зрабіць пераемнасьць у працы. Мы хацелі ўдасканаліць перадачу зьвестак з «хуткай» у шпіталь і паліклініку, каб была адзіная база зьвестак: колькі даставілі пацыентаў, колькі за дзень памерла, зрабіць электронныя мэдыцынскія карты. Электронная база палегчыла б працэс усім. Мы атрымалі адмову, маўляў, можа быць выцек зьвестак. У нас жа прывыклі рабіць па-старому.

Аляксандар Трафімаў
Аляксандар Трафімаў

— Наколькі вялікая праблема для мэдыкаў іхныя заробкі?

— Многія сталі гаварыць: лепей буду рабіць пазногці або бровы ці буду стрыгчы, але ў мяне ня будзе такой адказнасьці, як лячыць людзей. Нават на самым простым выкліку ў чалавека можа быць алергія на таблетку, на мэдыкаў могуць напасьці.

Лекары атрымліваюць заробак не за адпрацаваныя гадзіны, а за адказнасьць. Калі людзі бачаць, што за сваю адказнасьць яны атрымліваюць мізэр, што вымушаныя працаваць на паўтары стаўкі, яны выгараюць.

— Ці вы нешта дакладна ведаеце пра імаверную мабілізацыю лекараў у Беларусі?

— Я не заўважыў, каб мэдыкаў выклікалі часьцей, чым іншых. Я ня ведаў мэдыкаў, якіх выклікалі і якім бы паставілі канкрэтную задачу, куды і калі зьявіцца ў выпадку абвяшчэньня вайсковага становішча.

— Што вы ведаеце пра лячэньне расейскіх салдатаў у Беларусі?

— Ніхто з калегаў не дзяліўся інфармацыяй, што ў іх ляжаць расейскія салдаты. На гэтую тэму ў нас ніхто не хацеў гаварыць, як і з ковідам.

Адна з прычын пераезду — дапамога ўкраінцам

У канцы мінулага году Трафімавы вырашылі выехаць. Прычыны палітычныя і эканамічныя. Праз звальненьне з пасады апошні год выдаўся цяжкім фінансава.

«Я стаміўся жыць ад заробку да заробку. У нас не было ашчаджэньняў. Каб зьехаць у Польшчу, мы пазычылі грошы», — расказвае Аляксандар.

Ён зарабляў у паліклініцы 800-1200 рублёў, жонка — каля 500 рублёў. Калі Трафімаў быў намесьнікам у «хуткай» і падпрацоўваў на 0,5 стаўкі выездамі — меў 2200-2300 рублёў у месяц.

Сям’я перажывала, што да іх могуць прыйсьці зноў. Яны дапамагалі шматдзетным сем’ям палітзьняволеных. Летась прымалі ў сябе на начлег сем’і ўкраінскіх уцекачоў. Пасьля даведаліся, што да такіх валянтэраў прыходзяць сілавікі. Да таго ж лекар асьцерагаўся, што яго накіруюць на вайну з Украінай, а ён у прынцыпе ня хоча браць зброю ў рукі, бо хрысьціянін.

— Колькі грошай трэба, каб зьехаць у Польшчу?

— Мы пазычылі 3 тысячы даляраў. Разьлічвалі аплату за жытло на 2 месяцы наперад. Шмат пайшло на дакумэнты яшчэ ў Беларусі.

— Наколькі лёгка беларускаму мэдыку з 12-гадовым стажам знайсьці працу ў Польшчы?

— Я ехаў у нікуды. У нас не было канкрэтнага гораду і працы. Сябры знайшлі для нас хрысьціянскі прытулак для ўкраінскіх уцекачоў пад Варшавай, дзе мы маглі бясплатна пажыць 1-2 месяцы.

Знаёмыя дапамаглі знайсьці кантакты польскіх шпіталяў. Некаторыя патрабавалі, каб ты адразу ведаў польскую мову. Калі мы прыяжджаем, мы ня можам адразу працаваць лекарамі. Трэба або пацьвердзіць дыплём, або зьвярнуцца па дазвол да міністра аховы здароўя, але яго хопіць толькі на 5 гадоў. На абодва варыянты трэба чакаць каля паўгода.

Адзін зь першых шпіталяў, які пагадзіўся мяне ўзяць бязь веданьня польскай мовы, знаходзіцца ў Слупску. Там я буду працаваць асыстэнтам лекара, пакуль не зраблю настрыфікацыю дыплёма. Буду дапамагаць у рэанімацыйным блёку на SOR — гэта прыёмны пакой, падобны да шпіталя ў шпіталі. У рэанімацыйным блёку нейкі час ляжаць цяжкія пацыенты з траўмамі, інсультамі, інфарктамі, у коме.

Аляксандар Трафімаў
Аляксандар Трафімаў

— Што вас найбольш зьдзівіла ў польскай сыстэме мэдыцыны?

— На зьмене, прыкладам, два фэльчары і лекар. Прыяжджае цяжкі пацыент — і тут пяць чалавек аднекуль узяліся і пачалі дапамагаць. Хтосьці ішоў міма, прыехала «хуткая», адтуль падключыліся, хтосьці рэанімуе, штосьці трэба падаць, патрымаць. Там хутка ўцягваюцца, калі патрэбна экстраная дапамога.

І яны лепш тэхнічна абсталяваныя. Уся дыягностыка робіцца вельмі хутка. КТ, рэнтгены, кроў робяцца за хвіліны, а не гадзіны. Навыкі ў фэльчараў лепшыя, чым у беларускага сярэдняга мэдпэрсаналу, яны робяць рэчы, якія ў Беларусі робяць толькі лекары. У Польшчы электронная база дадзеных, гэта зручней, чым папяровая дакумэнтацыя, як у Беларусі.

Там іншыя адносіны паміж калегамі, ня так, як у Беларусі: «Я лекар, вы тут ніхто», «Я рэаніматоляг, а што вы, тэрапэўты?». Не, тут добрыя працоўныя адносіны.

«Калі я пацьверджу дыплём, у Беларусь я не вярнуся»

— Ці да вас як да беларуса ёсьць кепскае стаўленьне?

— Непасрэдна я ня ўбачыў агрэсіі. Я ўцягваюся ў працу, не стаю збоку. У школе папярэджваюць: калі да вашых дзяцей будуць кепска ставіцца, гаварыць, што яны з краіны-агрэсара, адразу кажыце. Пазнаёміўся з валянтэрскай арганізацыяй, якая працуе з уцекачамі. Яны таксама папрасілі адразу заяўляць пра цкаваньне.

— Ці заробку асыстэнта лекара хопіць на ўтрыманьне сям’і зь пяці чалавек?

— Большую частку заробку мы будзем аддаваць на жытло. Мы разьлічваем на дапамогу «500+», якую выдзяляюць на дзяцей (больш за 100 даляраў на кожнае дзіця штомесяц. — РС). Здарыўся цуд, нам яе пацьвердзілі за дзень, некаторыя чакаюць месяцы. Жонка пакуль не шукае працы, будзе дапамагаць дзецям з вучобай. Думаю, будзе цяжка. Спадзяюся, сьціпла, але мы працягнем.

— Якія парады вы бы далі беларусам, якія вырашылі пераяжджаць?

— Самае складанае для нас — гэта моўны бар’ер. Таму, калі вы ведаеце, што празь месяц-два зьедзеце, пачынайце вучыць размоўную мову.

Адаптацыя тут вельмі індывідуальная. Хтосьці тужыць, я не тужу па краіне. Так, я пакінуў дом, усё, што нажылі, працу, якую я любіў. Я доўга працаваў на сваё імя ў Баранавічах. Я мог вырашыць любое пытаньне без пасады.

Але я стаміўся ад напружанай абстаноўкі ў апошнія гады. Цяжка было дапамагаць палітвязьням. Што мы кепскага рабілі, калі дапамагалі ўкраінцам? Ты можаш сесьці ў турму за дабро — я гэтага абсалютна не разумею. Таму я не сумую. Я зразумеў, што мне дастаткова маёй сям’і. Цяпер нам трэба пачынаць усё з нуля.

— Вы не плянуеце вяртацца ў Беларусь?

— Калі я прайду самы цяжкі этап у сваім жыцьці і пацьверджу дыплём, то ў Беларусь я не вярнуся. Гэта разумеюць усе мэдыкі. Якія б мы патрыёты ні былі, ты разумееш, дзеля чаго ты тут працуеш. Калі памяняецца рэжым, буду прыяжджаць у госьці. Большасьць людзей ня вернецца, на жаль.

— Вы вернік пратэстанцкай царквы. Як практычна адбіваецца на вашым жыцьці тое, што вы верыце ў Бога?

— Я гляджу на ўсё праз прызму сваіх перакананьняў, веру, Біблію. Я стараюся імі кіравацца. Гэта ня толькі запаведзі, але і надзея, што б ні здарылася — Бог прыйдзе на дапамогу. У нас ніколі не было такога дня, каб мы сядзелі бязь ежы, без жытла. Мы ня жылі багата, але ўсё неабходнае мелі.

Мае дзед, бабуля, маці вернікі. Я бачыў іхнае жыцьцё. Яны дапамагалі людзям, рабілі дабро. Я стараюся жыць паводле Божага слова. Мне гэта дае сілы. Мы разумеем, навошта жывём. Я знаходжу сэнс у тым, каб дапамагаць іншым людзям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG