CNN у сваім расьсьледаваньні прывяло аповед беларускага мэдыка, які раней працаваў у Мазырскай гарадзкой лякарні, дзе лячылі параненых расейскіх салдат.
Лекар па імені Андрэй (імя зьменена ў мэтах бясьпекі) расказаў, што вялікая колькасьць параненых пачала паступаць ужо ў першыя дні пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны ва Ўкраіне.
Па словах Андрэя, кіраўніцтва лякарні сабрала ўвесь пэрсанал раніцай 24 лютага, было загадана вызваліць 250 ложкаў для параненых, адмяніць усе заплянаваныя апэрацыі і па максымуме выпісаць пацыентаў.
«Тады нас папярэдзілі, што нам нельга перадаваць якую-небудзь інфармацыю пра расейскіх салдат. Прыйшлося падпісаць заяву аб неразгалошваньні, якая забараняе нам дзяліцца якімі-небудзь фатаграфіямі, дакумэнтамі», — расказаў мэдык.
Ён сьцьвярджае, што іх палохалі тым, што за ўсімі сочыць ФСБ, а тэлефоны праслухоўваюцца. Сам ён заўважыў у шпіталі супрацоўнікаў мясцовага КДБ.
Паводле яго слоў, самая вялікая партыя параненых прыбыла ў Мазырскую лякарню раніцай 28 лютага: расейскія салдаты заносілі іх усярэдзіну на насілках і пакідалі каля ўваходных дзьвярэй.
Лекары хутка ацэньвалі стан тых, хто паступіў, і сартавалі ў парадку прыярытэту аказаньня дапамогі, наносячы на лоб лічбы ад 1 да 3. Усяго ў той дзень прывезьлі больш як 100 расейцаў з рознымі раненьнямі і траўмамі, складанымі пераломамі ад выбухаў і абстрэлаў. Многім патрабавалася ампутацыя.
Мэдык кажа, што сярод яго пацыентаў былі расейскія дэсантнікі і спэцназаўцы, што пацярпелі пры няўдалым штурме аэрадрома ва ўкраінскім Гастомелі. Па словах Андрэя, на пачатку сакавіка ў Мазырскую гарадзкую лякарню штодня дастаўлялі ад 40 да 50 параненых расейцаў. Пераважна гэта былі маладыя, неспрактыкаваныя салдаты.
Яшчэ адзін беларускі мэдык паведаміў CNN, што ў Гомельскай вобласьці для прыёму параненых расейскіх вайскоўцаў таксама задзейнічалі Абласную клінічную лякарню і Рэспубліканскі навуковы цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека, але ў апошнім пераважна працавалі адмыслова прывезеныя расейскія мэдыкі.
Як піша CNN, Андрэй у канцы сакавіка быў затрыманы па абвінавачаньні ў карупцыі (верагодна, гаворка ідзе пра так званую справу артапэдаў), зь СІЗА яго адпусьцілі ў траўні, а ў жніўні ён нелегальна пакінуў Беларусь. Цяпер мэдык разам зь сям’ёй знаходзіцца ў адной з эўрапейскіх краін. Для пацьверджаньня сваіх слоў ён падаў копіі рэнтгенаўскіх здымкаў расейскіх салдат, якія праходзілі лячэньне ў ягонай бальніцы.
«Генэрал-маёр з Расеі Сяргей Ныркоў, які атрымаў цяжкае раненьне ў жывот у Чарнобылі, таксама лячыўся ў Мазырскай бальніцы, мяркуючы па яго рэнтгенаўскім здымку, які быў сярод тых, што Андрэй вывез кантрабандай», — піша CNN.