Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без прэзыдэнта і сувэрэнітэту. З Канстытуцыі Татарстану выкрасьлілі атрыбуты самастойнай дзяржавы


Прэзыдэнт Татарстану Рустам Мініханаў.
Прэзыдэнт Татарстану Рустам Мініханаў.

Татарстан, які з 1990-х гадоў пазыцыянаваў сябе як самастойная дзяржава, што добраахвотна аб’ядналася з Расеяй, больш не зьяўляецца такой па Канстытуцыі. Папраўкамі 26 студзеня дэпутаты Дзяржсавету пазбавілі рэспубліку апошніх атрыбутаў самастойнасьці.

Татарстан, паводле новай рэдакцыі Асноўнага закону, больш ня мае ні пасады прэзыдэнта, ні сувэрэнітэту, носьбітам якога зьяўляўся шматнацыянальны народ.

Якіх яшчэ паўнамоцтваў пазбавіўся Татарстан пасля змены Канстытуцыі — у матэрыяле «Idel. Рэаліі».

Закон «Аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Татарстан» падпісаў 26 студзеня прэзыдэнт Татарстану Рустам Мініханаў. Закон уступае ў сілу праз 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня (6 лютага).

Праект быў прыняты дэпутатамі Дзяржсавету на пасяджэньні 26 студзеня. У канчатковым чытаньні папраўкі падтрымалі 73 дэпутаты, 9 галасавалі супраць, а адзін устрымаўся. Абмеркаваньня законапраекту на сысіі не было. Сьпікер Дзяржсавету Фарыд Мухаметшын настаяў «не палітызаваць» гэтае пытаньне.

Мініханаў перастае быць прэзыдэнтам да заканчэння сваіх паўнамоцтваў

Галоўная зьмена, якую ўносіць новы закон, — гэта назва вышэйшай службовай асобы рэспублікі. У сьнежні мінулага году дэпутаты вызначыліся, што новая пасада будзе называцца «кіраўнік — Раіс Рэспублікі Татарстан» (раіс у перакладзе з арабскай азначае начальнік або старшыня). Аднак тады яны прадугледзелі пераходнае становішча: найменьне «прэзыдэнт» застаецца да заканчэньня тэрміну дзейнага кіраўніка Рустама Мініханава, які абраны прэзыдэнтам да 2025 года.

Аднак 26 студзеня, як паведаміў Альберт Хабібулін, новае найменьне — кіраўнік (раіс) — будзе прымяняцца адразу пасьля ўступленьня ў сілу паправак. Паводле яго слоў, рашэньне было прынятае «пасьля дадатковых кансультацый», як відаць, з фэдэральным цэнтрам. 23 студзеня Рустам Мініханаў сустракаўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Магчыма, закрытая частка сустрэчы была прысьвечаная ў тым ліку пытаньню Канстытуцыі.

Альберт Хабібулін
Альберт Хабібулін

Першы артыкул зьменены без рэфэрэндуму

З артыкулу 1 Канстытуцыі Татарстану прыбраныя згадкі сувэрэнітэту і дамовы аб разьмежаванні паўнамоцтваў. «Рэспубліка Татарстан — дэмакратычная прававая дзяржава ў складзе Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў новай рэдакцыі. Да гэтага Татарстан быў дзяржавай, «аб’яднанай з Расейскай Фэдэрацыяй Канстытуцыяй Расейскай Фэдэрацыі, Канстытуцыяй Рэспублікі Татарстан і Дагаворам».

Замест сувэрэнітэту зьяўляецца тэрмін «дзяржаўнасьць». Яна выяўляецца ва ўладаньні рэспублікай «усёй паўнатой дзяржаўнай улады па-за межамі вядзеньня Расейскай Фэдэрацыі і паўнамоцтваў Расейскай Фэдэрацыі па прадметах сумеснага вядзеньня Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Татарстан, наяўнасьці сваёй тэрыторыі, насельніцтва, сыстэмы органаў дзяржаўнай улады, сваёй Канстытуцыі і заканадаўства, дзяржаўных моў і дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Татарстан».

Характэрна, што ў Канстытуцыі застаўся артыкул 123, які забараняе мяняць артыкул 1 без правядзеньня рэфэрэндуму. Аднак у сьнежні 2022 году дэпутаты Дзяржсавету дадалі ў Канстытуцыю частку 3 артыкулу 124, якая дазваляе мяняць артыкул 1 без уліку патрабаваньня правядзеньня рэфэрэндуму. Па сутнасьці, гэтыя артыкулы ўступаюць у супярэчнасьць адзін аднаму.

Больш няма сувэрэнітэту

Згадваньне сувэрэнітэту выключаецца і з іншых артыкулаў Канстытуцыі Татарстана. Напрыклад, у артыкуле 3 шматнацыянальны народ больш ня «носьбіт сувэрэнітэту». «Улада ў Рэспубліцы Татарстан ажыцьцяўляецца яе шматнацыянальным народам непасрэдна, а таксама праз органы дзяржаўнай улады і органы мясцовага самакіраваньня», — гаворыцца ў новай рэдакцыі дакумэнту.

Таксама слова «сувэрэнітэт» выключаецца з артыкула 94, дзе раней гаварылася, што прэзыдэнт Татарстану забясьпечвае сувэрэнітэт рэспублікі. У артыкуле 121 герб, сьцяг і гімн Татарстану цяпер выяўляюць не сувэрэнітэт, а дзяржаўнасьць.

Таксама выключаюцца згадкі дамовы з большасьці артыкулаў. Застаецца толькі норма, што «можа быць заключаная дамова аб разьмежаваньні прадметаў вядзеньня і паўнамоцтваў» у будучыні.

Паседжаньне Дзяржсавету Татарстану 26 студзеня 2023 году, на якім былі прынятыя папраўкі ў Канстытуцыю.
Паседжаньне Дзяржсавету Татарстану 26 студзеня 2023 году, на якім былі прынятыя папраўкі ў Канстытуцыю.

Татарстан больш ня мае грамадзянства і не адкідае вайну

Цалкам страчвае сілу артыкул 21 аб грамадзянстве Татарстану. «Грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Татарстан, зьяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Татарстан», — гаварылася раней у гэтым артыкуле.

Таксама прыбіраецца артыкул 15, дзе было сказана, што «Рэспубліка Татарстан адкідае гвалт і вайну як сродак вырашэньня спрэчак паміж дзяржавамі і народамі», а «прапаганда вайны забараняецца».

Зьнікае і такая норма: «Грамадскія аб’яднаньні маюць права ўдзельнічаць у кіраваньні дзяржаўнымі справамі праз сваіх прадстаўнікоў у выбарных органах дзяржаўнай улады і органах мясцовага самакіраваньня».

Таксама выключаецца палажэньне, што «арышт, узяцьце пад варту і ўтрыманьне пад вартай дапускаюцца толькі па судовым рашэньні». Прыбіраецца прапанова, што «спажыўцы маюць права на кампэнсацыю ўрону, прычыненага вытворцамі тавараў, паслуг, ва ўстаноўленым законам парадку».

Кіраўніку Татарстану не абавязкова ведаць татарскую мову

У новай рэдакцыі Канстытуцыі Татарстана больш няма патрабаваньня, што кандыдат на пасаду прэзыдэнта рэспублікі павінен валодаць дзяржаўнымі мовамі — расейскай і татарскай. У новай рэдакцыі толькі сказана, што кіраўнік (раіс) «пры ажыцьцяўленьні сваіх паўнамоцтваў выкарыстоўвае дзяржаўныя мовы». Але з гэтага не вынікае, што кіраўнік рэспублікі ведае мову.

У Канстытуцыі зьяўляецца тэкст прысягі, якую раіс прамаўляе пры ўступленьні на пасаду:

«Урачыста клянуся верна служыць шматнацыянальнаму народу Рэспублікі Татарстан, забясьпечваць правы і свабоды грамадзян, выконваць Канстытуцыю Расейскай Фэдэрацыі і Канстытуцыю Рэспублікі Татарстан, фэдэральныя законы і законы Рэспублікі Татарстан, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі Кіраўніка (Раіса) Рэспублікі Татарстан».

Кіраўнік (раіс) Татарстану атрымлівае паўнамоцтвы адпраўляць у адстаўку кіраўнікоў раёнаў і гарадзкіх акруг. Пры гэтым сам кіраўнік Татарстану можа пайсьці ў адстаўку ў сувязі са стратай даверу ў прэзыдэнта Расеі.

  • Таксама маюцца і іншыя важныя зьмены. Напрыклад, скасоўваецца недатыкальнасьць дэпутатаў Дзяржсавету Татарстану, а Канстытуцыйны суд ператвараецца ў канстытуцыйную раду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG