Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія памежнікі абвінавацілі ўкраінскі бок у крадзяжы памежнага знаку


Участак украінска-беларускай мяжы
Участак украінска-беларускай мяжы

Беларускія сьледчыя органы распачалі справу па факце хуліганства, пасьля таго як невядомы выламаў і панёс на ўкраінскую тэрыторыю беларускі памежны знак, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Мазырскага памежнага атрада Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Сяргей Паўлаў.

«У пятніцу, 13 студзеня, беларускім памежным атрадам па праверцы рэжыму дзяржаўнай мяжы была выяўленая адсутнасьць памежнага знаку Рэспублікі Беларусь. Ён быў выламаны да самага кораню, дарожка сьлядоў вяла ў бок Украіны. Гэта значыць, невядомай асобай памежны знак быў вынесены на тэрыторыю Ўкраіны», — сказаў Паўлаў у сюжэце тэлеканалу «Беларусь-1».

Па факце гэтых дзеяньняў сьледчыя органы Беларусі пачалі крымінальную справу паводле артыкула 339 ч. 1 КК («хуліганства»).

У сюжэце таксама расказалі, што з украінскай тэрыторыі ў знак кідалі самаробную дзіду з гачком.

Украінскі бок пакуль ніяк не адрэагаваў на новыя закіды беларускага боку.

23 студзеня Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў адразу два рашэньні пра ахову дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы ў 2023 годзе — памежнікамі на зямлі і СПА ў небе, хоць раней штогод падпісваў адно, піша БелТА.

Асноўныя намаганьні ў ахове мяжы сёлета сканцэнтруюцца на ўкраінскім напрамку, а таксама на ўчастках, дзе магчымае ўзьнікненьне новых вонкавых выклікаў і пагроз памежнай бясьпецы, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.

У абмеркаваньні сытуацыі на дзяржаўных межах Беларусі ўдзельнічалі дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, міністар абароны Віктар Хрэнін, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл — першы намесьнік міністра абароны Віктар Гулевіч.

Лукашэнка ў размове зь імі вызначыў тры напрамкі размовы — ахова дзяржаўнай мяжы, уцекачы і войска.

Паводле Памежнага камітэту, 17,2 тысячы вайскоўцаў знаходзяцца каля беларускай мяжы з боку Ўкраіны, 3,7 тысячы — з боку Польшчы. Сумарна на межах Беларусі з Украінай і Эўразьвязам ДПК налічвае 23,5 тысячы салдат.

Таксама ў ДПК заявілі, што ўкраінскія памежнікі нібыта робяць правакацыі на мяжы зь Беларусьсю. Гэта, у прыватнасьці, «пашкоджаньне памежнай інфраструктуры, абразы і аказаньне псыхалягічнага ціску на беларускіх памежнікаў, дэманстратыўныя дзеяньні, у тым ліку з выкарыстаньнем зброі, гукавой апаратуры, лазэраў і ўлётак». Там адзначылі, што ў 2022 годзе на паўднёвых рубяжах зафіксавалі 88 такіх фактаў.

Старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо, які знаходзіцца пад санкцыямі з боку Ўкраіны, адзначыў, што летась давялося «па ўсіх парамэтрах перабудаваць» ахову дзяржаўнай мяжы на поўдні.

24 лютага 2022 году празь беларуска-ўкраінскую мяжу пайшлі калёны расейскіх танкаў і іншай тэхнікі, зь Беларусі ва Ўкраіну выляталі самалёты і ракеты, што зрабіла Беларусь саўдзельніцай ваеннай агрэсіі. За гэта на беларускія ўлады наклалі санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG