У суботу 21 студзеня адміністратар тэлеграм-канала «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» заявіў, што КДБ трымае ў закладніках ягонага непаўналетняга брата.
«15-гадовы Арцём у парушэньне ўсіх існуючых законаў і маральна-этычных нормаў трое сутак беспадстаўна ўтрымліваўся ў ІЧУ на Акрэсьціна па сфабрыкаванай крымінальнай справе па артыкуле 208 ч. 2 КК РБ (вымагальніцтва). За трое сутак знаходжаньня ў ІЧУ да дзіцяці не дапускалі ні бацькоў, ні адваката. Мы ня ведаем, што рабілі зь дзіцем увесь гэты час, у пятніцу яго вызвалілі з-пад варты і накіравалі ў „Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя“ (Навінкі), дзе ён утрымліваецца па сёньняшні дзень. Крымінальная справа ў дачыненьні да Арцёма ня спыненая, зь яго ўзятая падпіска аб нявыезьдзе», — паведаміў тэлеграм-канал.
Прыгадваем, як улады ціснулі на іншых актывістаў празь іх сваякоў.
Затрыманьні
У лістападзе мінулага году сілавікі затрымалі стрыечнага брата загінулага ва Ўкраіне байца палку Каліноўскага Васіля Парфянкова — Сяргея Бандарэнку. Яны прымусілі яго запісаць «пакаяльнае відэа», дзе Бандарэнка прызнаецца, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».
Пасьля двух затрыманьняў Сяргей выехаў за межы Беларусі. Таксама затрымлівалі сястру і маці Васіля Парфянкова, некаторы час жанчыны знаходзіліся на Акрэсьціна.
Летась у жніўні сілавікі затрымалі жонку стрыечнага брата Паўла Латушкі. Сьпярша правялі ператрус у яе дома, а пасьля затрымалі ў межах «народнага» артыкула 342 (удзел у масавых беспарадках). Перад гэтым быў арыштаваны і сам стрыечны брат Латушкі — Анатоль. Яго зьвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: «удзел у масавых беспарадках», «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў», «хуліганства». Анатолю прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня.
Жонку журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю асудзілі на 2 гады калёніі за інтэрвію пра мужа.
Дар’ю абвінавацілі ў тым, што яна дала камэнтар тэлеканалу «Белсат», які быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сваім камэнтары для «Белсата» Дар’я расказвала пра зьняволеньне мужа, журналіста Свабоды Ігара Лосіка, якога пакаралі 15 гадамі пазбаўленьня волі.
«Часта яны не зьвяртаюцца да праваабаронцаў»
На думку праваабаронцы «Вясны» Алеcя Буракова, выпадкаў ціску на сем’і актывістаў можа быць болей, бо ня ўся інфармацыя трапляе ў публічную прастору.
«Гэты ціск на сваякоў можна падзяліць на дзьве катэгорыі. Па-першае, амаль усе актывісты, якія атрымлівалі суткі, сутыкаліся з прэсінгам сілавікоў. Напрыклад, жонка актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, тады ў мужа ўзьнікалі праблемы на працы на дзяржаўным прадпрыемстве. Другі варыянт — гэта мэтанакіраваны кропкавы ўдар па тых, каго дзяржава лічыць зацятымі ворагамі. Часта, калі ціснуць на сваякоў, то яны не зьвяртаюцца да праваабаронцаў, і таму мы даведваемся пра гэта ад іншых людзей. Гэта можа быць зьвязана з адлічэньнем з вучобы, ці звальненьнем, але ёсьць больш жорсткія выпадкі», — кажа Алесь Буракоў.
Праваабаронца кажа, што цяпер улады дзейнічаюць «любымі мэтадамі».
«Дзяржава і раней змагалася з актывістамі, аднак такога кшталту ціск на родных актывістаў немагчыма было б уявіць, напрыклад, у 2018 годзе. Раней мы ня ведалі, што ў Беларусі так масава парушаюцца правы чалавека, але гісторыя з братам адміністратара канала чыгуначнікаў — па-за межамі дабра і зла. Яны дзейнічаюць любымі мэтадамі», — кажа Буракоў.