Краіны «Вялікай сямёркі», Эўразьвяз і Аўстралія дамовіліся вызначыць дзьве «столі цэнаў» на нафтапрадукты з Расеі ў адказ на яе ўварваньне ва Ўкраіну. Таксама яны перагледзяць ліміты цэнаў на расейскую нафту, якую экспартуюць морам, паведамляе Мінфін ЗША.
З 5 лютага кааліцыя плянуе вызначыць дзьве столі цэнаў на нафтапрадукты з РФ. Паводле заявы Мінфіна ЗША, адну столь цэнаў вызначаць для расейскіх нафтапрадуктаў, якія звычайна таргуюцца з надбаўкай у адносінах да сырой нафты (дызэльнае паліва, бэнзін), другую — для прадуктаў, якія звычайна таргуюцца са зьніжкай у адносінах да сырой нафты (мазут). Чакаецца, што такое абмежаваньне пачне дзейнічаць 5 лютага.
Прадстаўнікі краін пагадзіліся, што такі падыход дазволіць больш дакладна вызначаць гранічныя цэны, таму што ён улічвае шырокі дыяпазон цэнаў, па якіх таргуюцца расейскія нафтапрадукты.
З улікам зьменаў, якія пасьля гэтага адбудуцца на сусьветным рынку, краіны перагледзяць столь цэнаў на расейскую танкерную нафту ў сакавіку. Са сьнежня 2022 году яна знаходзіцца на ўзроўні 60 даляраў за барэль.
«Столь цэнаў» азначае, што краіны «Вялікай сямёркі», Эўразьвяз і Аўстралія цяпер аказваюць паслугі, зьвязаныя з расейскай танкернай нафтай, толькі ў тым выпадку, калі яе закупілі па цане 60 даляраў за барэль ці ніжэйшай. Паслугі ўключаюць, у прыватнасьці, абавязковае страхаваньне марскіх перавозак паліва.
Краіны ўстанавілі столь цэнаў, каб скараціць даходы Расеі ад продажы нафтапрадуктаў, якія дапамагаюць ёй працягваць вайну ва Ўкраіне, і ў той жа час не дапусьціць спыненьня паставак і скачка сусьветных цэн на нафту. ЗША і Эўразьвяз адмовіліся ад закупак расейскай танкернай нафты, таму гэтыя меры «асабліва важныя для краін зь нізкім і сярэднім узроўнем даходу, якія моцна пацярпелі ад наступстваў вайны Расеі ва Ўкраіне».
У адказ на гэта прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін забараніў продаж расейскай нафты і нафтапрадуктаў краінам, якія пагадзіліся са стольлю цэнаў. Пры гэтым зараз нафта расейскай маркі Urals на сусьветным рынку таргуецца ніжэй за «столь», а аналітыкі адзначаюць, што пасьля яе ўвядзеньня экспарт расейскай нафты значна зьнізіўся.