Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: экспарт нафты з Расеі ўпаў на 54% у першы тыдзень дзеяньня «столі» цэнаў


Запраўка танкера
Запраўка танкера

Па дадзеных агенцтва, агульныя аб’ёмы паставак нафты з Расеі ўпалі на 1,86 млн барэляў за дзень, да 1,6 млн.

У першы тыдзень дзеяньня «столі» і забароны на марскія пастаўкі расейскай нафты экспарт з Расеі зьнізіўся на 54%, падлічыла агенцтва Bloomberg на аснове зьвестак аб перамяшчэньні танкераў. Адна з прычын такога падзеньня — тэхнічныя работы ў ключавым порце Прыморск на Балтыйскім моры, дзе адгрузку скарацілі да трох танкераў на тыдзень, у той час як нармальны тыднёвы паказчык складае восем танкераў.

У нафтаналіўным порце Казьміно (заліў Знаходка, Далёкі Ўсход) за тыдзень пагрузілі толькі два танкеры. У сярэднім тут таксама, як і ў Прыморску, загружаюць восем танкераў за тыдзень. Прынамсі два буйныя ўладальнікі танкераў адклікалі свае караблі з маршруту, паколькі нафта прадаецца па цэнах, вышэйшых за «столь».

Перавозка грузу можа пазбавіць караблі міжнароднай страхоўкі. Bloomberg паказвае, што паток з Казьміно адновіцца, прынамсі часткова, паколькі тры караблі ўжо загружаныя, а яшчэ два прышвартаваныя. Аднак, улічваючы меншы парк, аб’ёмы могуць заставацца няўстойлівымі.

Выданьне піша, што да гэтых дадзеных варта ставіцца асьцярожна, бо тыднёвыя плыні залежаць таксама ад тэрмінаў плянаваньня грузаперавозак, надвор’я і нават ад якасьці сыгналаў, якія перадаюць самі караблі.

Пятага сьнежня ўступіла ў сілу забарона на марскія пастаўкі расейскай нафты ў краіны Эўразьвязу і «столь» цэнаў у 60 даляраў за барэль на нафту з Расеі, якая перавозіцца па моры. Абмежаваньні ўзгаднілі Эўразьвяз, краіны G7 і Аўстралія.

Расея ў адказ заявіла, што ня будзе выконваць гэтую мяжу, нават калі ёй давядзецца скараціць вытворчасьць. Увядзеньне лімітавай цаны на расейскую нафту, як пісала Reuters, прымусіла Маскву шукаць альтэрнатыўныя рынкі збыту, у асноўным у Азіі, прыкладна на 1 млн барэляў у дзень. Паводле зьвестак агенцтва, у сьнежні Расея прадавала Індыі нафту маркі Urals значна ніжэй за гранічную цану ў 60 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG