— Лідэры беларускай апазыцыі заклікаюць міжнародную супольнасьць прызнаць Беларусь краінай, акупаванай Расеяю. Ці Злучаныя Штаты гатовыя да такога прызнаньня? Пры якіх абставінах такое прызнаньне магчымае?
— Я думаю, што мы мусім засяродзіць нашу ўвагу на рэжыме Лукашэнкі. Гэта ўлада незалежнай краіны, дзеяньні якой заслугоўваюць асуджэньня. Мы рашуча асуджаем арышты журналістаў Радыё Свабода, мы якраз гаворым з вамі ў дзень вынясеньня прысуду Дар’і Лосік. Мы ня можам дазволіць, каб такія паводзіны ўладаў працягваліся далей, і наша ўвага мусіць быць засяроджаная на дзеяньнях Лукашэнкі, без дапушчэньняў, што адказнасьць за іх ляжыць на Маскве. Так што мы засяроджваемся на санкцыях, якія дзейнічаюць цяпер, і разважаем над тым, ці трэба зрабіць нешта яшчэ.
Мы надалей заклікаем беларускія ўлады захоўваць мірныя дачыненьні з суседзямі і вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Бо гэта папярэдняя ўмова для паўнацэннага ўступленьня ў міжнародную супольнасьць.
— Дарэчы, што да эфэктыўнасьці санкцыяў. Расея нягледзячы на санкцыі працягвае вайну. Лукашэнка нягледзячы на санкцыі працягвае дапамагаць Расеі ў яе агрэсіі і груба парушае правы чалавека ў Беларусі. Наколькі санкцыі дзейсныя супраць бомбаў? Як вымяраецца іх эфэктыўнасьць?
— Выдатнае пытаньне. Санкцыі — гэта адзін інструмэнт, і ён мусіць ужывацца разам зь іншымі інструмэнтамі. Што да санкцыяў супраць Расеі — мы бачым, што яны маюць непасрэднае ўзьдзеяньне на тое, што Расея робіць на полі бою. Яна ўжо вычарпала значную частку запасу старых узбраеньняў і сутыкаецца зь цяжкасьцямі вырабляць столькі ўзбраеньняў, колькі яна б хацела ва ўмовах сучаснай вайны. Яна ўжывае старыя тэхналёгіі, тэхналёгіі пабытовага ўзроўню і ваюе так, як ваявалі 25 гадоў таму. Гэтая вайна жорсткая, яна жахлівая, але Расея зрабіла такі выбар. І якраз таму, што Расея няздольная здабыць кампанэнты, неабходныя для вырабу больш перадавога ўзбраеньня, яна вядзе вайну менавіта так. Немабільна, некрэатыўна, адстаючы ад Украіны.
У дадатак да таго, санкцыі забіраюць у Расеі грошы, неабходныя для пераадоленьня перашкодаў, выкліканых кантролем над экспартам. І тут мы бачым, што Расея растрачвае грошы, і гэтае «спаленьне» капіталаў вядзе да вычарпаньня рэсурсаў. Так што заўтра Расеі будзе горш, і часткова гэта спрычынена санкцыямі.
Галоўны падмурак, на якім базуецца міжнародная рэакцыя — гэта адвага ўкраінскага народу, вынаходлівасьць яго вайскоўцаў, і гэта тое, што прыносіць посьпех у вайне. Але санкцыі — гэта ключавы кампанэнт, бо яны абмяжоўваюць Расею ў яе дзеяньнях.
Беларусь у іншай сытуацыі. Санкцыі былі ўведзеныя не дзеля таго, каб абмежаваць яе матэрыяльныя магчымасьці, а таму, каб прымусіць яе сказаць: «Мы хочам прытрымлівацца нашых абавязаньняў перад АБСЭ». Пакуль Беларусь гэтага ня зробіць, ёй будуць пагражаць новыя і новыя абмежаваньні. Тым часам кожны раз, калі Беларусі ўдаецца здабыць нейкія грошы — дапамагаючы Расеі абыходзіць санкцыі або парушаючы свой рэжым санкцыяў — яны ідуць на фінансаваньне рэпрэсіўнага апарату дзяржавы. Таму нам трэба пастарацца абмежаваць Беларусі доступ да гэтых даходаў.
Але санкцыі — гэта толькі адзін інструмэнт. Яны — не безадкладны адказ і не адзіны адказ.
— Ці адрозьніваецца ўзровень санкцыйнага ціску на Беларусь і на Расею? Калі так — у чым гэтае адрозьненьне?
— Вядома. Былі створаныя дзьве праграмы як рэакцыя на розныя падзеі ў розныя часы. Беларуская праграма была прыведзеная ў дзеяньне пасьля сфальшаваньня выбараў 2020 году і наступных рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці. Было некалькі хваляў. Былі шырокія эканамічныя санкцыі, прынятыя прыблізна праз год пасьля рэпрэсіўных дзеяньняў рэжыму. Гэта быў адзін набор санкцыяў, які паступова дапаўняўся і служыў сыгналам таго, што міжнародная супольнасьць не пацярпіць выкраданьня актывістаў з самалёта, арыштаў, катаваньняў, адмаўленьня дэмакратыі.
Гэта адна праграма. Другая, расейская, узьнікла неўзабаве пасьля ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Яе мэтай было стрымаць матэрыяльную здольнасьць Расеі весьці вайну так, як яе вядуць сучасныя арміі. Так што гэта значна шырэйшая праграма, нацэленая на канкрэтныя элемэнты вайсковай сыстэмы.
Так што гэта розныя праграмы, распрацаваныя для розных мэтаў. Да таго ж, гэта дзьве вельмі розныя краіны, Расея мае значна большую і больш разнастайную эканоміку, таму і інструмэнты, якія мы ўжываем, будуць адрозьнівацца. Я б сказаў, што нам з нашымі эўрапейскімі партнэрамі варта было б прыгледзецца і падумаць, ці гэтыя праграмы можна неяк зблізіць.
— Ці вядома нешта пра той факт, што Пуцін цісьне на Лукашэнку, каб беларуская армія ўступіла ў вайну з Украінай на баку Расейскай Фэдэрацыі? Ці ў вас гатовы нейкі радыкальны санкцыйны адказ, калі б гэта здарылася?
— Ясна, што Расея патрабуе ад Беларусі ўсё большай і большай падтрымкі, гэтаксама як яна просіць аб большай падтрымцы Іран або Паўночную Карэю або іншыя дзяржавы, якія не ў ладах зь міжнароднай супольнасьцю. І я думаю, можна бачыць пэўныя вынікі гэтага ціску, бо Беларусь аказвае Расеі матэрыяльную падтрымку і дапамагае ў падрыхтоўцы вайскоўцаў. Мы далі ясна зразумець — дзяржаўны сакратар даў зразумець — што калі Беларусь адкрыта далучыцца да гэтага канфлікту, яе чакаюць вельмі жорсткія наступствы. Вось чаго можна чакаць, калі яны не адступяцца ад ролі, якую яны выконваюць, — вельмі хутка ўсё значна пагоршыцца.
— Якімі могуць быць гэтыя жорсткія наступствы?
— Не хачу займацца спэкуляцыямі наконт таго, што гэта можа быць, але думаю, што будуць далейшыя санкцыі.
— Што такое па-вашаму, з пэрспэктывы Белага дому, расейская агрэсія супраць Украіны — гэта вайна Пуціна ці расейскага народу? Да якой ступені расейскі народ адказны за гэтую вайну або вінаваты ў ёй?
— Мне, можа, не зусім дарэчна было б пачынаць пра гэта гаварыць... Я б сказаў, што вядома ж гэтую вайну разьвязаў прэзыдэнт Пуцін, яе вядзе расейская дзяржава. І мая задача — пазбавіць Расею здольнасьці весьці гэтую вайну так, як яна хоча, і дамагчыся таго, каб расейскую дзяржаву чакалі за гэта істотныя наступствы. А на кім у канчатковым выніку ляжыць віна за гэтую вайну — гэта ўжо пытаньне, на якое маюць шукаць адказ іншыя людзі.
— Ці вядомыя вам выпадкі ў постсавецкім рэгіёне, калі б увядзеньне санкцыяў мела нейкі вынік і зьмяніла б сытуацыю?
— У постсавецкім рэгіёне — гэта трошкі залежыць ад таго, што пад гэтым разумець... Ведаеце, калі гаварыць пра эфэктыўныя санкцыйныя праграмы, то адзін канкрэтны прыклад, пра які ўсе гавораць, — гэта Іран у 2011 годзе, што не зусім постсавецкі рэгіён, калі не лічыць колішнія некалькі месяцаў савецкай акупацыі. Напэўна, гэта санкцыі, ужытыя на Балканах падчас аднаго з маіх папярэдніх прызначэньняў. Яны сапраўды мелі рэальнае ўзьдзеяньне на тое, як лідэры таго рэгіёну або паводзілі сябе, — бо яны прызналі, што мусяць зьмяніць свае паводзіны, каб выжыць, — або ў некаторых выпадках скончылася тым, што яны былі адхіленыя ад пасады пераважна таму, што ня здолелі справіцца з патрабаваньнямі.
Але важна тут ня проста ўвесьці санкцыі, трэба мець правілы, дзе ясна тлумачыцца, якіх паводзінаў мы чакаем. Пры гэтым усе інструмэнты ўплыву могуць быць задзейнічаныя разам, каб вызначыць: вось як людзі мусяць сябе паводзіць.
Так што Лукашэнка ведае: выканай абавязаньні перад АБСЭ, вызвалі палітычных зьняволеных, дазволь людзям дэмакратыю — і гэта прынясе з сабой паслабленьне санкцыяў. Тое самае з прэзыдэнтам Пуціным і Расеяй, там зусім ясна, што трэба рабіць — выйсьці з Украіны. І тады мы будзем гаварыць.
— Вы займалі пасаду спэцыяльнага пасланца ў справах закладнікаў у адміністрацыі Абамы. Шмат хто ў Беларусі лічыць палітвязьняў закладнікамі рэжыму Лукашэнкі. Што вы думаеце пра такі падыход?
— Па-мойму, ясна, што Лукашэнка мусіць вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Мы ведаем, што ён трымае за кратамі больш за тысячу чалавек і садзіць штораз новых. Пакуль мы дыскутуем на тэму, ці ён не паслабіць рэпрэсіі — ён іх толькі ўзмацняе, зьяўляюцца новыя вязьні.
Клясычны прыклад тэрарыстычнай групы, не зьвязанай зь дзяржавай, якая ўтрымлівае нейкага чалавека — гэта адзін тып закладніка. А тут мы бачым дзяржаву, якая зрабілася інструмэнтам тэрору ў інтарэсах аднаго чалавека. Але ён мусіў бы праявіцца ў «сырым выглядзе».
Так што гэта іншы падыход. Думаю, нам проста трэба прытрымлівацца пазыцыі, што ён мусіць вызваліць зьняволеных. І ўжо толькі на тым этапе могуць пачынацца дыскусіі наконт месца ягонага ўраду ў міжнароднай супольнасьці.
— Паводле вашых ацэнак, наколькі незалежны Лукашэнка ў прыняцьці рашэньняў у пытаньнях вайны і міру? Або ён толькі марыянэтка Пуціна?
— Ён лічыць сябе прэзыдэнтам незалежнай краіны, таму ён мусіць дзейнічаць незалежна. Яму ня трэба ўцягвацца глыбей у гэтую вайну, або яго будуць чакаць суровыя наступствы. І ён ня можа казаць, што рашэньні прымае за яго нехта іншы. Уся адказнасьць ляжыць на ім.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.