Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Ціханоўскай у эканамічных рэформах: Санкцыі не зьмянілі паводзінаў рэжыму Лукашэнкі


Міжнародныя санкцыі «не зьмянілі паводзінаў» рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заявіў прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч на онлайн-дыскусіі «Крызіс кошту жыцьця: якая сытуацыя ў эканоміках Беларусі і Расеі ва ўмовах санкцыяў».

Аляхновіч назваў некалькі прычынаў, чаму санкцыйны ціск сёньня ня надта эфэктыўны.

Алесь Аляхновіч
Алесь Аляхновіч

«Па-першае, санкцыі ўводзіліся павольна і без належнай скаардынаванасьці паміж краінамі, уключаючы Ўкраіну. Па-другое, дагэтуль няма адмысловага органа, які б кантраляваў выкананьне санкцыяў, знаходзіў у іх праблемы і вырашаў. Па-трэцяе, адыграла ролю падтрымка Беларусі з боку Расеі», — цытуе прадстаўніка Ціханоўскай агенцтва BPN.

Гаворачы аб дапамозе РФ, Аляхновіч зьвярнуў увагу на нізкія цэны, па якіх Менск купляе расейскія энэрганосьбіты.

«Беларусь плаціць за газ 128 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пры гэтым цана на газ на міжнародных рынках амаль у дзесяць разоў вышэйшая. Карыстаецца рэжым Лукашэнкі і іншымі мэханізмамі падтрымкі з боку Масквы. Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне і ўвядзеньня санкцыяў доля беларускага экспарту ў Расею павялічылася з 40% да 65–70%», — канстатаваў прадстаўнік Ціханоўскай.

Паводле яго, зьмякчыць узьдзеяньне санкцыяў беларускім уладам дапамагла і каньюнктура на вонкавых рынках, дзе цэны на многія экспартныя тавары «ўзьляцелі».

Эканаміст нагадаў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году супраць Беларусі санкцыі ўвялі ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Аўстралія, Японія, Новая Зэляндыя і многія іншыя. Пасьля расейскага ўварваньня да іх далучылася Ўкраіна.

Аляхновіч вылучыў тры катэгорыі санкцыяў — фінансавыя, гандлёвыя і пэрсанальныя.

«Фінансавыя ўвялі даволі хутка. У выніку буйныя сусьветныя банкі замарозілі супрацоўніцтва з беларускім дзяржаўным сэктарам. Быў закрыты рынак для новых сувэрэнных бондаў, прычым нават на Маскоўскай біржы. Некаторыя сыстэмаўтваральныя беларускія банкі адключылі ад SWIFT. Гэта прывяло ў чэрвені да тэхнічнага дэфолту ў выплатах Беларусьсю вонкавай пазыкі», — нагадаў Аляхновіч.

Гаворачы аб гандлёвых санкцыях, ён пагадзіўся, што «пакетаў было шмат». «Пад абмежаваньні трапілі шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў і кампаніяў, якія кантралююцца „кашалькамі“ Лукашэнкі. Пасьля пасадкі самалёта Ryanair і пачатку вайны санкцыі пашырылі на цэлыя сэктары эканомікі — нафтаперапрацоўка, угнаеньні, мэталы, драўніна, тытунь», — сказаў Аляхновіч.

«Аднак шэраг гэтых санкцыяў выявіўся неэфэктыўным», — лічыць эканаміст.

Лёгка можна было абысьці, на яго думку, і пэрсанальныя абмежаваньні. «Індывідуальныя санкцыі былі накладзены на набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў і дзяржаўных службоўцаў. Але, як сказаў адзін з журналістаў-расьсьледнікаў, дастаткова было такому бізнэсоўцу дабегчы да першага ж юрыста і зьмяніць уласьніка кампаніі або яе назву — санкцыі пераставалі дзейнічаць», — растлумачыў прадстаўнік Ціханоўскай.

«Многія экспэрты заяўляюць, што можна было б дзейнічаць больш эфэктыўна. Ёсьць думка, што Расея застаецца асноўным партнэрам Беларусі. Але калі паглядзець на тыя 43 краіны, у тым ліку Ўкраіну, якія ўвялі супраць рэжыму Лукашэнкі санкцыі, то можна ўбачыць у іх прыкладна такую ж долю гандлю зь Беларусьсю, як і ў Расеі. Прыкладна 41% абʼёму экспарту зь Беларусі ішоў на Захад», — сказаў Аляхновіч.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG