Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю аб прымежным супрацоўніцтве


На пасяджэньні літоўскага ўраду было прынята рашэньне дэнансаваць пагадненьне паміж урадамі Літвы і Беларусі аб асноўных прынцыпах трансьмежавага супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба МУС Літвы.

«Рэалізацыя двухбаковага міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю немагчымая ў цяперашняй геапалітычнай сытуацыі і ня будзе магчымая ў бліжэйшы час», — заявіла міністар унутраных спраў Агне Білатайце.

Літоўскі ўрад прыняў такое рашэньне з улікам палітычнай сытуацыі ў Беларусі пасьля 2020 году, фальсыфікаваных выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у сувязі з выкарыстаньнем рэжымам Лукашэнкі мігрантаў супраць краін ЭЗ і саўдзелам Беларусі ў вайне супраць Украіны, патлумачылі ў МУС Літвы.

Як патлумачыў агенцтву Elita намесьнік кіраўніцы МУС Арнольдас Абрамавічус, «гэта пагадненьне аб прымежным супрацоўніцтве. Яно даволі стандартнае, але мы цяпер ня бачым магчымасьці яго працягнуць. Гэта, вядома, часткова зьвязана з так званымі праграмамі прымежнага супрацоўніцтва Эўразьвязу, якія цяпер зь Беларусьсю прыпыненыя».

Яшчэ ў кастрычніку 2020 году Літва прыпыніла фінансаваньне бягучых праектаў у рамках прымежнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а пасьля пачатку вайны на загад МУС было спыненае ўсё супрацоўніцтва зь беларускімі дзяржаўнымі структурамі.

Пагадненьне аб прымежным супрацоўніцтве было падпісана ў Вільні 1 чэрвеня 2006 году. У ім былі вызначаныя напрамкі супрацоўніцтва ў галіне інфраструктуры, аховы навакольнага асяродзьдзя, эфэктыўнага выкарыстаньня энэргарэсурсаў, турызму, адпачынку, спорту, культурнай спадчыны, адукацыі, дзелавой інфраструктуры, перамяшчэньня транспартных сродкаў і пасажыраў празь мяжу. Акрамя таго, бакі дамовіліся пра абмен інфармацыяй і аказаньне дапамогі на мяжы ў выпадку прыродных або тэхнагенных надзвычайных сытуацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG