Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі не былі так блізка да страты эканамічнага сувэрэнітэту». Што стаіць за аб’яднаньнем падатковых сыстэм Беларусі і Расеі


Беларускія і расейскія грошы. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія і расейскія грошы. Ілюстрацыйнае фота

Расея і Беларусь ухвалілі стварэньне наднацыянальнага падатковага камітэту. Паводле міністра фінансаў Беларусі Юрыя Селіверстава, гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Незалежныя экспэрты расцэньваюць гэта як частковую страту фінансава-эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі.

«Будуць створаны адзіныя ўмовы на ўсёй тэрыторыі дзьвюх нашых краін», — Мішусьцін

У Менску і Маскве амаль сынхронна ратыфікавалі дамову «Аб агульных прынцыпах падаткаабкладаньня па ўскосных падатках» (у Беларусі — 20 сьнежня, у Расеі — 21-га). Згодна з дакумэнтам, штогод бакі да 1 студзеня наступнага году «прыводзяць сваё падатковае заканадаўства ў адпаведнасьць з палажэньнямі дамовы».

Наступны крок — стварэньне агульнага наднацыянальнага падатковага камітэту Беларусі і Расеі, рашэньні якога будуць абавязковымі для бакоў.

Яшчэ 8 сьнежня прэм’ер-міністар РФ Міхаіл Мішусьцін заявіў, што ствараецца агульны падатковы орган. «Ён зоймецца ўзгадненьнем пазыцый у гэтай сфэры, будуць замацаваныя памеры мінімальных падатковых ставак, пералікі вызваленьняў і льгот. А ў выніку будуць створаныя адзіныя ўмовы на ўсёй тэрыторыі дзьвюх нашых краін».

«Наднацыянальны падатковы камітэт, які ствараецца, можа прымаць рашэньне, на падставе якога бакі цягам 18 месяцаў могуць унесьці зьмены ў нацыянальныя заканадаўствы і дамову», — адзначаецца ў паведамленьні Палаты прадстаўнікоў.

«Гэта адзін крок да таго, каб паглынуць эканамічныя інстытуты Беларусі», — Раманчук

Шэраг незалежных экспэртаў расцанілі гэта як частковую страту фінансава-эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук выказаў думку, што стварэньне так званых наднацыянальных органаў — гэта крокі да таго, каб паглынуць эканамічныя інстытуты Беларусі.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Бо калі робіцца нейкая манэтарная карэляцыя, калі павялічваецца доля расейскіх рублёў у золатавалютных рэзэрвах, усё гэта набліжае да таго, што эканамічныя інстытуты Беларусі будуць паглынутыя Расеяй.

Думаю, на сёньня стварэньне агульнага падатковага камітэту — гэта проста імітацыя. Але калі ствараецца такі наднацыянальны орган зь невядома якімі паўнамоцтвамі ў той час, калі ёсьць фармальная прывязка да канкрэтнага пераходу на расейскую грашовую сыстэму, — гэта адзін крок да страты сувэрэнітэту.

Таму Лукашэнка гуляе з агнём, мяркуючы, што ён можа выйграць час і за гэты час Расея прайграе вайну. Але калі ён памыліцца, гэта будзе вельмі-вельмі небясьпечна. І ніколі Беларусь не была так блізка да страты эканамічнага сувэрэнітэту, як сёньня», — перакананы эканаміст Яраслаў Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG