Сьледчы камітэт Беларусі заявіў пра затрыманьне палітыка Андрэя Дзьмітрыева.
Паводле Сьледчага камітэту, Андрэй Дзьмітрыеў нібыта «браў актыўны ўдзел у вулічных беспарадках, якія праходзілі на тэрыторыі Менску ў жніўні-верасьні 2020 году». Пра віну Дзьмітрыева Сьледчы камітэт напісаў:
«Таксама ўстаноўлена, што падазроны 599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, зь іх 33 — пасьля 2020 году. Сьледзтва мяркуе, што наяўнасьць кантактаў у Дзьмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сьведчыць аб каардынацыі яго палітычнай дзейнасьці з-за мяжы. Ёсьць інфармацыя, што затрыманы кантактаваў зь Дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста зь ягонай былой кіраўніцай Гілары Клінтан».
Паводле СК, цяпер Дзьмітрыеў зьяўляецца падазраваным па арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
11 студзеня сілавікі затрымалі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева. Пазьней адвакат Дзьмітрыева паведаміў ягоным калегам, што той у турме на Акрэсьціна. Падрабязнасьці затрыманьня пакуль невядомыя.
Дзьмітрыеў балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
У 2021 годзе Вярхоўны суд пазбавіў рэгістрацыі кампанію «Гавары праўду», якая дзейнічала 11 гадоў. Тады Андрэй Дзьмітрыеў, які быў адным з кіраўнікоў «Гавары праўду», паведамляў, што ўдзельнікі кампаніі вырашылі стварыць новую арганізацыю «Робім разам» і спрабавалі зарэгістравацца.